Польскі ўрад шукае кампрамісу ў канцэпцыі «Белсата»



belsat-1-300Прэм’ер-міністр Польшчы Бэата Шыдла заявіла, што яе ўрад шукае кампрамісу ў справе новай канцэпцыі тэлеканала «Белсат». У інтэрв’ю выданню «wPolityce» кіраўнік польскага ўрада адзначыла, што перамовы ў справе «Белсата» працягваюцца.

Як мы ўжо паведамлялі, у сярэдзіне снежня стала вядома, што МЗС Польшчы мае намер скараціць бюджэт тэлеканала на 2/3 – з 17 да 5 млн злотых.

Міністр Вітальд Вашчыкоўскі тлумачыў, што «не хоча, але вымушаны» скараціць фінансаванне, бо не мае грошай на праект у звязку з іншымі задачамі», сярод якіх дапамога сірыйскім уцекачам. Адначасова  польскае знешнепалітчынае ведамства спадзявалася, што Менск дазволіць трансляцыю ў беларускіх кабельных сетках польскіх каналаў TVP Polonia і TVP Kultura, на якія, паводле польскага міністра, маюць права сотні тысяч беларускіх палякаў.

На пачатку года прэм’ер-міністр  Бэата Шыдла запэўніла кіраўніцтва «Белсата», што каналу нічога не пагражае. Як паведамляе “Белсат”,  прэсавы-сакратар польскага ўрада Рафал Бохэнэк пацвердзіў, што цяпер выпрацоўваецца новая кампрамісная формула дзейнасці тэлеканала і зменаў ў гэтым месяцы не будзе.