Польскія дэпутаты пазнаёмяцца з сітуацыяй палякаў у Беларусі



Трохдзённая паездка адбудзецца, хутчэй за ўсё, у сярэдзіне траўня.

Цягам бліжэйшых месяцаў сеймавая Камісія па сувязях з палякамі за мяжой зоймецца, між іншым, падрыхтоўкай візіту ў Беларусь. У сярэдзіне траўня група польскіх дэпутатаў плануе туды накіравацца, каб пазнаёміцца з патрэбамі беларускіх палякаў. Пра гэта заявіў кіраўнік камісіі Міхал Дворчык (Michał Dworczyk) ад кіроўнай партыі «Права і справядлівасць».

У чацвер Камісія па сувязях з палякамі за мяжой абмеркавала план працы на бліжэйшыя шэсць месяцаў. Паводле Дворчыка, адным з важнейшых пунктаў гэтага плана з’яўляецца менавіта трохдзённая паездка ў Беларусь.

«Камісія традыцыйна двойчы ў год з’яжджае за мяжу, каб пазнаёміцца з патрэбамі нашых суайчыннікаў. У мінулым паўгоддзі мы пабывалі ва Украіне. Цяпер, па запрашэнні старшыні Саюза палякаў у Беларусі Анджэлікі Борыс, мы збіраемся ў Беларусь», — падкрэсліў Міхал Дворчык. Ён дадаў, што ў склад групы ўвойдзе 10-15 дэпутатаў.

Дворчык таксама паведаміў, што на наступным тыдні з падобнай мэтай група польскіх дэпутатаў адправіцца ў Вялікабрытанію па запрашэнні тамтэйшага міністра замежных спраў.

Камісія зоймецца таксама арганізацыяй выязной нарады ў Львове, звязанай з будаўніцтвам Польскага дому, які павінен быць здадзены ў эксплуатацыю ў 2018 або ў 2019 гадах.

У сваю чаргу падчас бліжэйшага паседжання сябры камісіі зоймуцца справай разбурэння помніка палякам забітым украінскімі нацыяналістамі ў вёсцы Гута Пяняцка ў заходняй частцы Украіны.

Польскае Радыё