Польскія дэпутаты заклікаюць улады Беларусі спыніць рэпрэсіі
Польскія дэпутаты сустрэліся з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Тэмай сустрэчы сталі масавыя рэпрэсіі, якія пачаліся ў Беларусі.
Вынікам пасяджэння стаў дакумент, у якім камісія замежных спраў Сейма запатрабавала ад польскага ўрада вострай рэакцыі на парушэнне правоў чалавека ў Беларусі.
Кажа дэпутат Сейма з „Грамадзянскай платформы” Роберт Тышкевіч:
– Сеймавая камісія замежных спраў перакананая, што адзіным спосабам перамогі над грамадскім і гаспадарчым крызісам, які закрануў Беларусь, з’яўляецца пачатак дыялогу з грамадскай супольнасцю і дэмакратычнай апазіцыяй. Прагрэс на дарозе дыялогу і дэмакратызацыі, а таксама спыненне рэпрэсій, павінны быць катэгарычнымі ўмовамі нармалізацыі палітычных адносін з Польшчай і Еўразвязам.
Дакумент быў прыняты ўсімі сябрамі сеймавай камісіі. Дэпутат ад кіроўнай партыі „Права і справядлівасць” Малгажата Гасеўска зазначыла, што палітыка польскага ўрада ў дачыненні да Лукашэнкі будзе напрасткі залежыць ад таго, ці спыняцца ў Беларусі рэпрэсіі:
– Калі палітыка прэзідэнта Лукашэнкі будзе працягвацца, а не дай Божа яшчэ ўзмоцніцца пасля пратэстаў, чаго мы ўсе баімся, то палітыка польскага ўраду таксама зменіцца. Пра гэта прэзідэнт Лукашэнка павінен ведаць.
„Мы гэта бачым і будзем вашыя праблемы агучваць у Еўропе, бо ёсць шмат месцаў, дзе ваш голас павінен гучаць”, – дадаў дэпутат ад „Грамадзянскай платформы” Анджэй Галіцкі.
Варта адзначыць, што цягам пасяджэння праз інтэрнэт да польскіх дэпутатаў даходзіла інфармацыя пра новыя брутальныя затрыманні і збіццё апазіцыянераў у Беларусі.
Беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі заклікаў польскія ўлады да падтрымкі беларускага грамадства. У сваім выступе на паседжанні сэймавай камісіі замежных справаў Польшчы Алесь Бяляцкі зазначыў, што ўлады пабаяліся масавых пратэстаў, і таму распачалі тэрор у адносінах да грамадства.
Згадаўшы пра увязненых у СІЗА КДБ праваабаронца зазначыў, што ёсць вялікая небяспека з’яўлення новых палітвязняў:
– Мы стаім перад парогам з’яўлення новай вялікай групай палітычных зняволеных у Беларусі, бо гэта актыўныя грамадскія дзеячы, гэта людзі, якія не мелі дачынення да палітыкі, вельмі розныя людзі. Тым не менш палітычную падаплёку і жаданне распаўсюдзіць страх у беларускім грамадстве мы ў гэтым назіраем.
Звяртаючыся да польскіх дэпутатаў, Алесь Бяляцкі зазначыў, што беларускаму грамадству патрэбна дапамога і разуменне сітуацыі:
– Мы просім хуткага рэагавання польскага грамадства на гэту сітуацыю. Яна новая, але як даўно забытае старое. Мы гэта памятаем, што было сем гадоў таму ў 2010 годзе, што было ў 2006 годзе падчас выбараў. Мы зноў вяртаемся ў гэтыя цяжкія часы, і канешне нам патрэбна вашая салідарнасць, ваша дапамога і ваша разуменне, што ў Беларусі зноў усё змянілася да горшага.
Алесь Бяляцкі таксама дадаў, што прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці папярэджвалі заходніх палітыкаў, што істота палітычнага рэжыму ў Беларусі не мяняецца, і ніякіх структурных зменаў не адбылося. Калі ідзе гаворка пра захаванне ўлады, рэпрэсіі адразу вяртаюцца, падкрэсліў праваабаронца.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава