Польскія дэпутаты зноў паедуць у Менск?



Польскія дэпутаты збіраюцца наведаць Палату Прадстаўнікоў. Візіт ужо быў узгоднены маршалкам Сейма, і гэта нягледзячы на тое, што спікер Палаты Прадстаўнікоў забараніў Ганне Канапацкай наведваць Сейм.

Рашэнне старшыні польскага парламента выклікала абурэнне апазіцыі. Дэпутат Анджэй Галіцкі зазначыў, што “Грамадзянская платформа” заклікала маршалка Сейма адмяніць свой дазвол на візіт:

– Гэта незразумелае рашэнне. Спадзяюся, што зварот “Грамадзянскай платформы” будзе эфектыўным. Думаю, ніводны з нас, парламентарыяў, не прымае візіту дэлегацыі польскага парламента ў сітуацыі, калі зусім нядаўна мелі месца рэпрэсіі ў дачыненні да асобаў, якія наведалі польскі парламент. Тут хоць бы дзеля адэкватнасці патрэбна рэакцыя.

Сустрэча польскіх дэпутатаў з чальцамі Палаты Прадстаўнікоў запланавана на 10 красавіка. Варта ўзгадаць, што на гэты дзень прыпадае сёмая гадавіна Смаленскай катастрофы, у якой загінуў прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі – чалавек, які, па словах Аляксандра Лукашэнкі, “ненавідзіў Беларусь.”

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава