Польскія еўрадэпутаты выказваюцца за адмену санкцыяў
Рада міністраў замежных спраў Еўразвяза абмяркуе зняццё санкцыі ў дачыненні да прадстаўнікоў уладаў Беларусі. Напрыканцы кастрычніка гэтыя санкцыі былі прыпыненыя на 4 месяцы.
Фота: Sławomir Kamiński / Agencja Gazeta
Трэба паказаць уладам Беларусі што лібералізацыя ўнутранай палітыкі і звальненне палітычных вязняў будзе ўзнагароджанае Еўразвязам, кажа польскі еўрадэпутат ад партыі Закон і Справядлівасць Рышард Чарнэцкі:
— Гэта першы крок. Нам будзе лягчэй ціснуць на спадара прэзідэнта Лукашэнку, калі мы зробім такі акт добрай волі. Мы будзем патрабаваць штосьці за штосьці паводле старога добрага правіла «давярай, але правярай». Мы будзем уважліва сачыць за тым, як пасоўваецца наперад дэмакратызацыя ў Беларусі.
Паводле Рышарда Чарнэцкага большасць краінаў Еўразвяза выступае за зняццё санкцыі.
Фота: Jacek Herok/ Newspix.pl
Магчымая адмена санкцыяў паўплывае на палітычнае і гаспадарчае вымярэнне, як для Еўропы так і канкрэтна для Польшчы, кажа польская еўрадэпут ад партыі Грамадзянская платформа Барбара Кудрыцкая:
— З аднаго боку адмена санкцыяў ў дачыненні да Беларусі з эканамічнага гледзішча для нашага рэгіёну, для Падляшша было б вельмі добрым, бо мы ведаем, што Беларусь — наш найбліжэйшы сусед. І нягледзячы на палітычны лад, які там пануе, мноства беларусаў прыязджаюць у Польшчу.
Паседжанне Рады міністраў замежных спраў Еўразвяза у справе зняцця санкцыяў ў дачыненні да прадстаўнікоў уладаў Беларусі адбудзецца 15 лютага.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток