Польскія памежнікі не прапусцілі „Начных ваўкоў”



Польскія памежнікі 1 траўня не прапусцілі семярых членаў клуба „Начныя ваўкі”, якія накіроўваліся з Берасця ў Цярэспаль у межах мотапрабегу „Дарогі Перамогі — на Берлін 2016″ па маршруце Масква — Берлін.

[youtube id=”eHgHjQYRVfg”]

Прычынай стала „пагроза грамадскаму ладу і бяспецы”, паведаміла „Газета выборча” са спасылкай на Памежную ахову.

„Не дазволены ўезд сямі падарожнікам, якія заявілі пра свою прыналежнасць да байкерскай групы „Начныя ваўкі”. Гэта былі чатыры грамадзяніны Славакіі, два грамадзяніны Германіі і грамадзянка Расеі. Да іх было даведзена адміністрацыйнае рашэнне аб забароне ўезду на тэрыторыю РП”, — паведаміў польскім журналістам афіцыйны прадстаўнік пагранслужбы. Паводле яго слоў, памежнікі паступілі ў адпаведнасці з прадпісаннем, а матацыклісты маюць права абскардзіць гэтае рашэнне.

„Газета выборча” зазначае, што на мяжы байкеры знаходзіліся каля дзвюх гадзін. У наваколлі Цярэспаля іх чакала некалькі дзясяткаў польскіх калег — удзельнікаў мотапрабегу „Катынскі рэйд”, а таксама байкеры са Славакіі, Чэхіі і Германіі, якія называлі сябе членамі клуба „Начныя ваўкі”. Камандор „Катынскага рэйду” Віктар Венгжын назваў рашэнне не прапускаць байкераў „ганебным”.

29 красавіка МЗС Польшчы перадало ў расейскае пасольства ў Варшаве дыпламатычную ноту, у якой паведамлялася пра адмову дазволіць уезд расейскім байкерам. У адказ расейскае знешнепалітычнае ведамства выклікала пасла Польшчы ў Маскве і выказала „рашучы пратэст”.

„Начныя ваўкі” прыбылі ў Беларусь 30 красавіка. Яны наведалі Курган Славы, Хатынь і Берасцейскую крэпасць. Частка байкераў без сімволікі клуба накіравалася да літоўскай мяжы, але перасячы мяжу ЕЗ ім там не ўдалося.

Падобныя праблемы байкеры мелі і летась. ЕЗ лічыць „Начных ваўкоў” пагрозай бяспецы і палітычна ангажаванай арганізацыяй. Члены гэтага клуба называюць Беларусь і Украіну часткай Расеі і блізкія да прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна. Лідар „ваўкоў” — Аляксандр Залдастанаў па мянушцы Хірург, быў жанаты на немцы і працаваў выкідалай у адным з клубаў Заходняга Берліна.

belapan.by