Польскія ўлады пра канфлікт ва Украіне



Ключ да Расеі знаходзіцца ва Украіне. Такое меркаванне выказаў прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі, які наведаў Усходні эканамічны кангрэс у Беластоку. Ён выказаўся адносна той небяспекі, якую можа прынесці сітуацыя за ўсходняй мяжой Польшчы, Еўразвязу і блоку НАТА. “Мы ўсе зацікаўлены ў тым, каб жыць у свеце, у якім сіла не перамагае закон, а мілітарныя рашэнні не пераважаюць над палітычнымі ды эканамічнымі”, – сказаў прэзідэнт Камароўскі:

–    Я перакананы, што поспех Украіны ў пабудове ўнутранай рэчаіснасці паводле заходняга ўзору і звяз Украіны з Захадам у палітычным і эканамічным плане магчымы. І гэта стане ключом да Расеі. Я перакананы, што поспех гэтага празаходняга курсу, які разумеецца як стыль жыцця ўкраінскага грамадства, стане велізарнай крыніцай уплыву і заахвочвання для расейскага грамадства.

„Наша пазіцыя ў дачыненні да Украіны будзе  выпрацавана супольна з ўсімі краінамі Еўразвязу, – заявіла новапрызначаная прэм’ер-міністр Польшчы Эва Копач у час прэзентацыі новага ўрада. – Але галоўная задача Польшчы – бараніць свае межы і сваіх грамадзян”, – лічыць палітык:

–   Польшча павінна паводзіць сябе як польская разумная жанчына. Наша бяспека, най край, наш дом, нашы дзеці – гэта найважнейшае. Мы не павінны імкнуцца да першынства, каб быць дзейсным удзельнікам гэтага ўзброенага канфлікту. І калі вырашыць вялікая еўрапейская сям’я, што хочам дапамагаць Украіне, мы павінны бяспрэчна разам з іншымі краінамі ёй дапамагчы.

Дарэчы, сёння быў прэзэнтаваны новы ўрад Польшчы. 22-га верасня новыя міністры атрымаюць намінацыі ад прэзідэнта, а 1-га касрычніка Эва Копач прадставіць праграму новага ўрада ў Сойме.

Яна Запольская, Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота lenta-ua.net