Польскія выбары і беларусы



Незалежна ад таго чыя возьме ў польскай палітыцы, для беларусаў нічога прынцыпова не зменіцца. Лукашызм і далей будзе лічыцца злачыннай дыктатарскай дактрынай. А да беларусаў, якія тым ці іншым спосабам супраціўляліся ці супраціўляюцца лукашызму, з боку польскіх уладаў будзе пазітыўнае стаўленне і падтрымка.

Я перакананы, што большасць беларусаў не сочаць за вывертамі лукашэнкаўскай прапаганды. Таму ёсць сацыялагічныя пацверджанні яшчэ з 2020 год, калі даследаванні былі магчымымі.

Прычым, дадзеныя дзяржаўнага інстытуту сацыялогіі і незалежных лабараторый супадалі: не больш за 10-12% спажыўцоў інфармацыі рэгулярна карысталіся кантэнтам дзяржпрапаганды.

А цяпер навіна на мяжы з комік-шоў. Падкантрольныя Лукашэнку беларускія медыі пачалі ствараць польскамоўны кантэнт.

«Інфармаваць» польскае насельніцтва як ім кепска жывецца.

Жыхары Польшчы ў прынцыпе самакрытычныя, і не пяюць хваласпевы сваёй уладзе, якой бы арыентаванасці яна не была. Таму польскага абываталя крытыкай палітычных рухаў не здзівіш.

Я асабіста думаю, што калялукашэнкаўскія «астапы бэндэры» проста развялі на грошы кішэню Лукашэнкі.

Важна адзначыць, што ў выпадку, калі кіроўная партыя «Закон і Справядлівасць» (PiS) згубіць сваю большасць у польскай палітыцы, для лукашыстаў нічога не зменіцца.

На хвіліну перамесцімся на Блізкі Усход. Там тэрарыстычная арганізацыя ХАМАС пакрыўдзілася на Лукашэнку за тое, што беларускі тэрарыст нумар адзін не выказаў падтрымку сваім братам па розуму з Газы.

А гэта значыць, што Лукашэнка хоча захаваць хоць якую сцяжынку да кантактаў з Заходнім светам. Бо калі ты падтрымаў ХАМАС, то ты фактычна саўдзельнік новага злачынства. Першае супраць беларусаў, другое супраць украінцаў, а вось на этапе Ізраілю Лукашэнка чамусьці вырашыў прытармазіць.

Супрацьстаянне ў польскім грамадстве, не ўласна польская праблематыка. Мала хто з беларусаў памятае, што паралельна з нашымі рэвалюцыйнымі падзеямі 2020 году ў Польшчы ішлі сур’ёзныя пратэсты. Якія можна ўмоўна назваць прагрэсіўныя супраць кансерватыўных.

Падобныя тэндэнцыі ўласцівыя ўсяму свету. Пачатак ХХІ ст. – гэта тэктанічныя зрухі ва ўсіх грамадствах Зямлі.

Але на сёння факт застаецца фактам – у кантынентальнай Еўропе Польшча ёсць той дзяржавай, дзе вымушаныя эмігранты з Беларусі адчуваюць сябе максімальна камфортна.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя