Поспех еўрапейскіх „зялёных” натхняе іх беларускіх калег



Поспех еўрапейскіх „зялёных” на выбарах у Еўрапарламент –  абрана 70 дэпутатаў замест 50-ці ў папярэднім парламенце, натхняе і іх беларускіх калегаў. 

Па словах першага намесніка Беларускай партыі „Зялёныя” Зміцера Кучука, тэма змянення клімата, якую падкрэслівалі еўрапейскія аднапартыйцы, хвалюе і беларускіх грамадзянаў.

– Мы будзем спрабаваць таксама пра гэта пагаварыць з нашымі выбарцамі. І тэма зялёных тэхналогій, і антыядзерная тэма прагучалі ў „зялёных”. Гэта каштоўнасці, за якія выступаюць беларусы. Канешне, пра гэта мы таксама будзем гаварыць падчас выбарчай кампаніі, якая будзе ўвосень. Аднак праблема ў Беларусі – напэўна ўсе ведаюць, што ў нас не лічаць галасы. І сапраўдных выбараў у нас няма. У нас ёсць выбарчая кампанія. Таму мы зыходзім з таго, што ў Беларусі перамагчы на выбарах нерэальна зараз.

Але трэба змагацца за сумленныя, празрыстыя і справядлівыя выбары. Вылучыць як мага больш назіральнікаў,  фіксаваць парушэнні, каб і беларускае і міжнароднае грамадства бачыла рэальную карціну, – кажа Зміцер Кучук.

Ён таксама заявіў, што асабіста цвёрда вырашыў удзельнічаць у выбарчай кампаніі па Кальварыйскай выбарчай акрузе ў Менску. А агульнае рашэнне па тактыцы і стратэгіі падчас выбарчай кампаніі Беларуская партыя „Зялёныя” прыме на сваім з’ездзе, дата якога яшчэ ўзгадняецца, – сказаў Зміцер Кучук.

Цалкам матэрыял у далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота pvby.org