Пра адстаўку ўраду
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што перастаноўкі ва ўрадзе – не спантаннае рашэнне, а працяг кадравай палітыкі цяперашняга году.
Каментуючы новыя прызначэнні ў эканамічнай сферы, кіраўнік краіны адзначыў, што гэта самая вялікая зона адказнасці.
Прызначэнне кіраўніком Нацыянальнага банка Паўла Калаўра гэта антыкрызісны крок – адзначае палітычны аглядальнік, Раман Якаўлеўскі:
– На чале праўлення Нацыянальнага Банку з’явіўся спадар Калаўр – вельмі аўтарытэтны, вельмі прафесійны банкір. Дарэчы, ён у свой час сыйшоў адтуль, бо там панавалі такія асобы як Пракаповіч і Ермакова. Цяпер можна спадзявацца, што ён будзе як антыкрызісны мэнэджэр.
Павел Калаўр замяніў на пасадзе старшыні праўлення Нацбанка Надзею Ермакову. А новым міністрам эканомікі стаў Уладзімір Зіноўскі, экс-кіраўнік Белстата.
Новым прэм’ер-міністрам Беларусі замест Міхаіла Мясніковіча прызначаны Андрэй Кабякоў. Да свайго прызначэння ён з 2011-га году працаваў Надзвычайным і Паўнамоцным Амбасадарам Рэспублікі Беларусь у Расейскай Федэрацыі. Кабякоў нарадзіўся ў Маскве ў тысяча дзявяцьсот шасцідзясятым годзе. З тысяча дзявяцьсот восемдзясят пятага году працаваў на розных пасадах у Беларусі. Быў старшынём Камітэту дзяржаўнага кантролю, намеснікам прэм’ера, затым – міністрам эканомікі ды зноў віцэ-прэм’ерам. Пасля гэтага прызначаны намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, а са снежня 2011-га году – Надзвычайным і Паўнамоцным Амбасадарам Рэспублікі Беларусь у Расеі.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя