Пра канец дэмакратыі
Ну, ніякай дэмакратыі ў Беларусі і не было з моманту правядзення сумна вядомага рэферэндуму 1995 года. Але ж тэлеканал АНТ чамусьці мяркуе, што была.
Дзіўнае, у іх, канешне, разуменне дэмакратыі. У сваім тэлеграм-канале яны так і напісалі: “хопіць гуляць у дэмакратыю, мы перамаглі і цяпер мусім навязваць сваю інфармацыйную палітыку”. Заўважце, гэтае выказванне размешчанае не на канале нейкага ўльтраправага палітыка, не на канале нейкага блогера, а на тэлеграм-канале дзяржаўнага тэлебачання, якое сябе нават СМІ называе. У любой дэмакратычнай краіне падобнае выказванне пра навязванне інфармацыйнай палітыкі з боку тэлеканала стала бы скандалам і скончылася б сканчэннем эры дадзенага тэлеканала. Аднак АНТ і надалей дзейнічае ды атрымлівае вялікія бюджэтныя сродкі на сваю дзейнасць.
Затое, як той казаў, маскі скінутыя. У тэлеграм-канале АНТ так і напісалі, што ў парламент мусяць трапіць толькі прыхільнікі дзяржаўнай лініі. То бок іншыя меркаванні нават не разглядаюцца. Паўночная Карэя, можна сказаць, усё бліжэй. Толькі фанатычныя прыхільнікі беларускага кімчэнына могуць атрымаць ад яго ласку і трапіць у парламент. Дарэчы, калі ўжо канец дэмакратыі, то і парламент трэба называць інакш, бо парламент акурат прадугледжвае наяўнасць прыхільнікаў самых розных палітычных сіл і меркаванняў.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя