Пра людзей у разуменні ўладаў Беларусі
Саміведаецехто заявіў, што людзей крыўдзіць нельга. Падумала, няўжо дайшло, няўжо выпусцяць палітвязняў, выбачацца перад імі, пакараюць тых, хто даў такія несправядлівыя прысуды. Аднак не, чытаю далей. Гаворка ідзе пра кіраўнікоў і сістэму органаў улады. Цяпер зразумела, хто ў Сінявокай людзі: розныя кіраўнікі адміністрацый і райвыканкамаў. Іх, канешне, крыўдзіць нельга ні ў якім разе. А астатнія, атрымліваюцца калі і не ворагі, то ўсё роўна выклікаюць падазрэнні. Вось гэтых усіх, якія не-людзі, іх можна і ў турму на 12 год ні за што.
Што ж мае на ўвазе саміведаецехто, калі гаворыць, што нельга крыўдзіць людзей? Аказваецца, іх, то бок кіраўнікоў адміністрацый і райвыканкаў, нельга беспадстаўна звальняць. Выключэнне – калі чалавек гультай, альбо, як сказаў саміведаецехто “яшчэ горш – вораг”. Вось з такімі людзьмі няма чаго размаўляць, лічыць саміведаецехто. Уяўляеце, то бок вораг цяпер горш за гультая. То бок чалавек можа быць таленавітым, з выдатнай адукацыяй, працаздольным, аднак калі ён вораг для ўладаў Беларусі, з ім ніхто не будзе размаўляць. І гэта лішні раз даказвае, што ў Сінявокай улады вызначыліся, хто ёсць людзі, а хто ўсе астатнія.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя