Пра магчымыя наступствы брэксіту



Недахоп лекаў, прадуктаў харчавання, але таксама і паліцыянтаў – а ў выніку масавыя беспарадкі. Гэта верагодныя наступствы брэксіту, пра якія ў спецыяльным рапарце напісала брытанская паліцыя. 

Найбольш непрадказальным можа быць выйсце Вялікай Брытаніі з Еразвязу ў версіі ноў -дзіл (no-deal). Выданне The Guardian апублікавала вынікі паліцыйнага рапарту, у якім гаворыцца пра крадзяжы, рабаванне і чорны рынак лякарстваў у выпадку цвёрдага брэксіту. Найбольш, паводле паліцыі, скарыстаюцца ім злачынцы, якія выкарыстаюць недахопы прадуктаў і лякарстваў для стварэння чорнага рынку і, магчыма, будуць кантраляваць парты.

Калі ў крамах не стане прадуктаў і лякарстваў,  гэта прывядзе да масавых беспарадкаў. Такія праблемы могуць трываць каля трох месяцаў, вынікае з рапарту пад крыптонімам «Yellowhammer» аднаго з урадавых агенцтваў.

У сваю чаргу паліцыя ўжо сёння змагаецца з недахопам кадраў, і ёсць вялікія сумневы, ці здолее кантраляваць крызісную сітуацыю. Дадаткова брытанскія службы будуць пазбаўленыя доступу да еўрапейскіх базаў інфармацыі, што будзе ўскладняць змаганне са злачынцамі. Часу на падрыхтоўку ў брытанцаў няшмат – паколькі выйсце з Еўразвязу запланаванае на 31 кастрычніка, а адмысловы еўрапейскі саміт па гэтым пытанні пройдзе толькі 18 кастрычніка.

Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя