Пра новы “шаўковы шлях” дыскутуюць у Кітаі
Кіраўнік Беларусі спадзяецца правесці адзін з напрамкаў новага «Шаўковага шляху» праз Беларусь. У Кітаі праходзіць саміт ініцыятывы «Адзін пояс і адзін шлях», мэта якой — стварэнне новай мадэлі міжрэгіянальнай эканамічнай супрацы, якая б звязвала Захад і Усход Еўразіі.
У саміце прымаюць удзел прадстаўнікі больш як 60 краін Еўропы і Азіі.
Кітай цяпер актыўна намагаецца прасоўваць свае інтарэсы ў розных рэгіёнах свету, гэтаму і служыць канцэпцыя «Адзін пояс і адзін шлях», – кажа філосаф Уладзімір Мацкевіч.
— Усе такія праекты — гэта ідэалагічная афарбоўка нейкіх эканамічных ці геапалітычных ініцыятыў. Гэтая кітайская ініцыятыва, якая толькі ідэалагічную падставу, ідэалагічную афарбоўку мае праз гэты шлях, а насамрэч Кітай імкнецца ўцягнуць у сваю арбіту, у арбіту сваёй экспансіі тыя краіны, якія на гэта пагодзяцца. І тут усё пытанне толькі ў тым, ці будзе нам карысным гэтае супрацоўніцтва з Кітаем, ці гэта цалкам кітайская калі не імперская, дык гэткая геапалітычная экспанцыянісцкая ідэя.
Кітай на сённяшні дзень — адзін з найважнейшых геаэканамічных гульцоў, таму адносіны з ім важныя таксама і для Беларусі, — мяркуе Уладзімір Мацкевіч:
— Не мець стасункаў, не спрычыніцца да гэтай вялікай гульні новага гульца на азіаэканамічнай прасторы не можа аніводная краіна, якая дбае пра тое, каб замацавацца на сусветным рынку. Таму абавязкова трэба ўдзельнічаць у гэтых перамовах, у гэтым гандлі, але ўмовамі гэтага ўдзелу з’яўляюцца па-першае, наяўнасць уласнай стратэгіі эканамічнага развіцця, а па-другое — прынцып захавання ва ўсіх стасунках беларускай карысці, пераследаванне таго, каб гэта было нам на карысць, а не проста ўдзел у пампезных, ці нейкіх там, ідэалагічных гульнях.
Палітолаг Алесь Лагвінец:
—Для сённяшняй Беларусі ёсць свае нібыта плюсы і ёсць свае мінусы ў гэтым. У прынцыпе для Беларусі мог бы быць цікавым удзел у гэтай ініцыятыве калі б наша краіна была б прававой, рынкавай, дэмакратычнай дзяржавай і усё гэта грунтавалася б на такіх жа прынцыпах. Але мы бачым, што сённяшнія ўлады Беларусі хочуць пралезці туды, карыстаючыся гэткай аўтарытарнай антызаходняй рыторыкай, спрабуючы пераканаць тых, каго ўсё ж ёсць на сённяшні дзень грошы, найперш кітайцаў, а магчыма часткова і Расею, у тым, што Бепларусь — больш надзейная і прывабная. Хоць вялікіх козыраў у нас няма, і гэта з прычыны той палітыкі, якая праводзіцца сённяшнімі ўладамі.
У пачатку мая, сустракаючыся з кітайскімі журналістамі, Аляксандр Лукашэнка выказваў спадзяванне на пералом у развіцці двухбаковых адносін з Кітаем сёлета. Асаблівае значэнне ён як раз надаваў візіту на саміт. Ці спадзяванні будуць апраўданыя? Пакажа час.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя