Пра што будуць размаўляць Пуцін і Лукашэнка?



Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук прагназуе, якая будзе павестка дня падчас сустрэчы 22 лютага Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі.

Як заявіў прэс-сакратар расейскага кіраўніка Дзмітрый Пяскоў, падчас сустрэчы “чакаюцца працяглыя перамовы”.

Аляксандр Ярашук: Можна не сумнявацца, што адным з важных і галоўных пытанняў перамоў будзе грашовае пытанне. Сітуацыя ў беларускай эканоміцы крытычная, і ранейшы расейскі крэдыт у паўтары мільярды даляраў толькі адцягнуў магчымы дэфолт. Зараз аналітыкі і эксперты адзначаюць, што крызіс нікуды не знік, ён абвастраецца.

Недарма ж з’явілася лічба ў 3,5 мільярды даляраў, якую хочуць яшчэ папрасіць у Пуціна, таму вакол гэтай сумы, напэўна, і будзе ісці размова.

РР: Масква дасць гэтыя грошы?

Аляксандр Ярашук: Мяркую, Пуцін не зможа зусім адмовіць у дапамозе, пэўныя сродкі дадуць. Гэта выцякае з логікі сённяшніх адносін Масквы і Менска. Крамлю патрэбна, каб сёння ў Беларусі і жыць было немагчыма, і немагчыма было памерці.

Таму, можа быць, нейкія паўтары мільярды даляраў ізноў падкінуць. Гэта будзе дастаткова для таго, каб чалавек пры ўладзе быў на кароткім ланцужку. Каб ён быў прывязаны і цалкам кантраляваны, і каб у яго не ўзнікала наноў шкодных думак пра шматвектарнасць. Расея таксама ведае, што калі даць шмат грошай, то беларуска-расейскія стасункі могуць стаць прадметам гандлю, а затым і пэўнага шантажу заходнім вектарам.

Таму зараз гэтыя стасункі больш падобны на гульню коткі з мышкай. Котка прыдушвае мышку, каб тая не збегла, і забаўляецца, як ёй захочацца. Крэмль цалкам задавальняе, калі Беларусь будзе паслухмяным суб’ектам, які знаходзіцца пад кантролем і выконвае волю Масквы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя