Пра што дамовіліся беларускія дэмакратычныя сілы на «Шляху да Волі» ў Кіеве?



Арганізаваная Фондам Кастуся Каліноўскага канферэнцыя «Шлях да волі» прайшла ў Кіеве 29-га лістапада. Паводле парадку дня, планавалася прыняць агульную стратэгію прадстаўнікоў нацыянальна-вызвольнага руху і сфармаваць каардынуючую пляцоўку для рэалізацыі стратэгіі. Аднак выніковы Мемарандум, які б тое замацоўваў, так і не быў падпісаны ўсімі заяўленымі арганізацыямі.

Прычыну патлумачыў удзельнік сустрэчы, кіраўнік Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў:

– Чаму Аб’яднаны пераходны кабінет не падпісаў? Гэта звязана з тым, што пытанні Мемарандума да канца не былі ўзгоднены ўнутры кабінета. Але ёсць шанец далучыцца пазней. Я думаю, гэта магчыма, Аб’яднаны пераходны кабінет таксама далучыцца. Ён уваходзіў у аргкамітэт разам з офісам Святланы Ціханоўскай і Каардынацыйнай Радай.

Пра настроі беларускіх добраахвотнікаў і ўкраінскіх дэпутатаў на сустрэчы распавёў сябар Каардынацыйнай рады, прадстаўнік ініцыятывы „РУХ” Ян Рудзік:

– Дэпутаты Украіны сказалі, што накіравалі лісты аб спецыяльным чалавеку ад Украіны для Беларусі. Зацвердзілі, што яны адкрытыя да супрацы. Але зараз наўпрост на высокім узроўні не атрымліваецца мець кантакт, там усё яшчэ не бачаць гэтыя адрозненні паміж беларускімі дэмакратычнымі сіламі і рэжымам Лукашэнкі. Трэба нам быць больш кансалідаванымі. Удалося паразмаўляць з байцамі. Яны вельмі не задаволеныя тым, што адбываецца ў беларускім палітычным полі. Там ёсць прыхільнікі Ціханоўскай, ёсць прыхільнікі Пазьняка. Але калі трэба ехаць на баявыя задачы, яны ўсё роўна разам збіраюцца, едуць і выконваюць іх. Яны не разумеюць, чаму ў беларускіх палітыкаў не атрымліваецца так зрабіць.

Падчас канферэнцыі таксама прадстаўнік Палка Каліноўскага прадаставіў справаздачу па сабраных грошах і патрэбах палка. Былі агучаны канкрэтныя сумы: за паўгода на забеспячэнне баявой адзінкі пайшло больш за 7 млн грыўнаў наяўнымі, больш за 20 млн грыўнаў праз электронныя плацяжы, а таксама крыптавалюта.

Фота Каардынацыйнай Рады і «Шлях да Волі».

Беларускае Радыё Рацыя