Пра што Ціханоўская гаварыла з дарадцам Дзярждэпартамента ЗША?



Адбылася тэлефонная размова экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай з дарадцам Дзярждэпартамента ЗША Дэрэкам Шоле.

Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, абмеркаваныя пытанні рэалізацыі Акта аб дэмакратыі, аднаўлення і пашырэння санкцый ЗША супраць рэжыму Лукашэнкі, а таксама арганізацыі перамоў на платформе АБСЕ.

Ціханоўская падкрэсліла, што мэтай дэмакратычных сіл Беларусі з’яўляецца правядзенне новых свабодных і сумленных выбараў ужо будучай восенню. „Важна таксама спыніць гвалт, вызваліць палітвязняў і вярнуць людзям права выбіраць. Дасягненне гэтых мэтаў магчымае праз дыялог з беларускім грамадствам”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Ціханоўская расказала Шоле пра суды над журналістамі і актывістамі Беларусі, ціск на праваабарончы цэнтр „Вясна”, пераслед мясцовых лідараў, рэпрэсіі ў дачыненні да СМІ, бізнесменаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Яна заклікала ЗША і міжнародную супольнасць „дзейнічаць хутка і зладжана”.

Падчас тэлефанавання таксама абмяркоўваўся запланаваны візіт Ціханоўскай у ЗША.

У снежні мінулага года быў прыняты абноўлены Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі, які пашырае паўнамоцтвы прэзідэнта ЗША па ўвядзенні санкцый у дачыненні да Беларусі, у тым ліку ў сувязі „са спрэчнымі прэзідэнцкімі выбарамі і наступнымі рэпрэсіямі з боку ўрада”.

У ліку іншага акт заклікае да правядзення новых прэзідэнцкіх выбараў; прызнае Каардынацыйную раду, створаную з ініцыятывы Ціханоўскай, у якасці легітымнага інстытута для ўдзелу ў дыялогу аб мірнай перадачы ўлады; заклікае да вызвалення ўсіх палітвязняў; прадугледжвае аказанне дапамогі ў прасоўванні дэмакратыі і падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці; заяўляе пра палітыку ЗША па „непрызнанні ўключэння Беларусі ў „Саюзную дзяржаву” з Расеяй”.

Акрамя таго, на працягу 120 дзён пасля ўваходжання дакумента ў сілу дзяржсакратар ЗША паводле ўзгаднення з кіраўніком нацыянальнай разведкі павінен накіраваць у адпаведныя камітэты кангрэса даклад „аб пагрозах, якія Расея ўяўляе для суверэнітэту і незалежнасці Беларусі”.

На працягу 90 дзён пасля ўваходжання дакумента ў сілу кіраўнік Міністэрства фінансаў у супрацоўніцтве з дзяржсакратаром і кіраўніком нацыянальнай разведкі павінен падаць даклад аб маёмасці Аляксандра Лукашэнкі. У даклад павінны быць уключаныя звесткі аб меркаваных актывах і крыніцах даходу Лукашэнкі і яго найбліжэйшых сваякоў, уключаючы банкаўскія рахункі, інвестыцыйныя актывы і іншыя бізнес-інтарэсы.

БелаПАН