Прадстаўнік АБСЕ: На Данбасе актывізаваўся абмен зняволенымі



Паміж бакамі канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны актывізаваўся абмен зняволенымі, паведаміў спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік журналістам паводле вынікаў чарговага раўнда перамоў трохбаковай кантактнай групы 13 лютага ў Менску.

„Гуманітарная падгрупа вітала перадачу 33 зняволеных, не звязаных з канфліктам, з асобных раёнаў Луганскай вобласці на тэрыторыю, падкантрольную ўраду Украіны. Гэтая перадача адбылася 7 лютага. Сёння група працягнула сярод іншага абмеркаванне пытанняў, звязаных з далейшай перадачай такіх зняволеных”, — адзначыў ён.

Падгрупа па эканоміцы абмеркавала сёння „актуальныя пытанні водазабеспячэння”. „Удзельнікі прыйшлі да згоды аб неабходнасці ўвядзення спрошчанага рэжыму аплаты паставак вады з асобных раёнаў Луганскай вобласці. Таксама быў узгоднены графік правядзення аўдыту кампаніі „Вада Данбаса”, і цяпер Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа можа пачаць працу”, — удакладніў дыпламат.

Паводле слоў Сайдзіка, у цэнтры ўвагі рабочай групы па бяспецы былі пытанні ўстойлівасці рэжыму спынення агню і гуманітарнага размінавання блізу цывільных аб’ектаў.

Палітычная падгрупа працягнула абмеркаванне пытанняў імплементацыі так званай формулы Штайнмаера, амністыі і мадальнасцяў мясцовых выбараў, дадаў прадстаўнік АБСЕ.

Наступнае пасяджэнне кантактнай групы пройдзе 27 лютага.

belapan.by