Прадстаўнік АБСЕ: Перамір’е на Данбасе працягвае прыносіць плён
Перамір’е, узгодненае трохбаковай кантактнай групай (ТКГ) па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе 21 ліпеня, працягвае прыносіць плён, нягледзячы на пэўнае абвастрэнне.
Пра гэта заявіў журналістам спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік па выніках чарговага раўнда перамоў ТКГ у Менску 21 жніўня.
„Вынікі апошніх пасяджэнняў ТКГ выклікаюць асцярожны аптымізм. Перамір’е, якое было ўзгоднена ТКГ і набыло моц 21 ліпеня, працягвае прыносіць плён, нягледзячы на пэўнае абвастрэнне сітуацыі ў апошнія дні”, — сказаў Сайдзік.
Паводле яго слоў, згодна з дадзенымі спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ, за апошнія два тыдні не было зарэгістравана ніводнай ахвяры сярод цывільнага насельніцтва, а колькасць ахвяр за гэты год застаецца самай нізкай з пачатку канфлікту.
Сайдзік адзначыў станоўчую дынаміку ў вырашэнні пытання аб аднаўленні моста ў станіцы Луганскай.
„На гэты момант размініраванне падыходаў да моста завершана, робіцца дэмантаж фартыфікацыйных збудаванняў. Гэта дазваляе пачаць падрыхтоўку і наступнае правядзенне рамонтных пытанняў”, — сказаў ён.
Акрамя таго, бакі абмеркавалі аднаўленне развядзення сіл у Залатым і Пятроўскім. Эканамічная рабочая падгрупа абмеркавала аднаўленне водазабеспячэння і пытанні правоў уласнасці ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей. Гуманітарная рабочая група сканцэнтравалася на пытаннях абмену ўтрыманых, палітычная падгрупа абмяркоўвала імплементацыю формулы Штайнамаера, правядзенне амністыі і мясцовых выбараў.
Сайдзік нагадаў, што 5 верасня спаўняецца пяць гадоў Мінскім пагадненням, у сувязі з чым удзельнікі ТКГ пацвердзілі поўную прыхільнасць да заключаных дамоўленасцяў. Таксама спецпрадстаўнік АБСЕ вітаў сустрэчу дыпламатычных дарадцаў „нармандскага фармату”, якая адбылася 2 верасня ў Берліне.
Наступнае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы прызначана на 18 верасня.