Прадстаўнік АБСЕ: Золатавай нельга перашкаджаць працягваць яе важную працу



Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Арлем Дэзір сочыць за судом над галоўным рэдактарам tut.by Марынай Золатавай.

„Я працягваю ўважліва сачыць за судовым працэсам па справе Марыны Золатавай, рэдактара беларускага навінавага партала tut.by, — напісаў Дэзір на сваёй афіцыйнай старонцы ў „Твітэры”. — Вялікі штраф, запытаны абвінавачаннем, выклікае глыбокую трывогу”.

Прадстаўнік АБСЕ заявіў, што „журналістцы ні ў якім разе нельга перашкаджаць працягваць [выконваць] яе важную працу”.

Як паведамлялася, дзяржаўны абвінаваўца Юлія Харчэйкіна падчас судовых спрэчак 25 лютага папрасіла суд прызнаць Марыну Золатаву вінаватай па арт. 425 ч. 2 КК (бяздзейнасць службовай асобы) і прызначыць ёй штраф у 1 тыс. базавых велічынь (25 тыс. 500 рублёў).

Пры прызначэнні пакарання Харчэйкіна папрасіла суд „улічыць ступень грамадскай небяспекі і сямейныя абставіны” абвінавачванай. Абцяжарваючых віну акалічнасцяў у Золатавай не выяўлена, а аблягчаючыя — наяўнасць малалетняга дзіцяці.

Меру стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе яна папрасіла пакінуць да ўваходжання прысуду ў законную сілу.

Крымінальную справу Марыны Золатавай разглядае суд Заводскага раёна Менска. Слуханні доўжацца з 12 лютага. Абвяшчэнне прысуду прызначана 4 сакавіка ў 12.30.

БелаПАН

Фота: Lelab.europe1.f