Прадстаўнік ЕЗ: Адносіны з Беларуссю будуць паглыбляцца
Нягледзячы на змены ў палітычных колах Бруселя, адносіны Беларусі і ЕЗ будуць паглыбляцца. Пра гэта гаворыцца ў звароце генеральнага сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Хельгі Шмід, які зачытаў увечары 4 снежня на XVII Менскім форуме кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Дзірк Шубель.
„Мы арыентаваныя на паглыбленне двухбаковых сувязяў, шматбаковых сувязяў з акцэнтам на правы чалавека, вядома ж, па максімуму магчымасцяў. Еўразвяз збіраецца працаваць з Беларуссю і ў далейшым, забяспечваючы адчувальную перавагу як еўрапейскім, так і беларускім грамадзянам”, — падкрэсліваецца ў звароце.
Шмід адзначае, што за апошнія некалькі гадоў дасягнуты вялікі поспех па шэрагу ініцыятыў і праграм. У прыватнасці, Менск стаў больш актыўна ўдзельнічаць ва Усходнім партнёрстве.
„Таксама мы спадзяемся ўзгадніць прыярытэты партнёрства ЕЗ і Беларусі. Калі нашы перамовы скончацца паспяхова, гэтыя прыярытэты па партнёрскай працы дадуць нам дакладную дарожную карту на палітычнай ніве, правоў чалавека, па эканамічным развіцці, па паляпшэнні эканамічных параметраў і бяспекі”, — лічаць у ЕЗ.
Акрамя таго, Шмід згадала стабільныя кантакты прадстаўнікоў Беларусі і ЕЗ, а таксама заканчэнне кансультацый па змякчэнні візавага рэжыму.
„Мы падтрымліваем рост цікавасці Рэспублікі Беларусь працаваць і атрымліваць перавагі ад супрацоўніцтва з рознымі еўрапейскімі інстытутамі і суб’ектамі”, — падкрэсліваецца ў заяве.
Таксама адзначаецца праца Еўрапейскага інвестыцыйнага банка і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. „Мы б хацелі палепшыць [інвестыцыйны] клімат у краіне, які дазволіць прыцягнуць не толькі еўрапейскія інвестыцыі, але і інвестыцыі іншых краін. Дэлегацыя прадстаўніцтва ЕС працуе ў Беларусі вельмі актыўна, наладжвае адносіны паміж суб’ектамі ў краіне. Гэта наша ключавая задача і місія”, — адзначыла генеральны сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.
„Мы будзем працягваць стабільны дыялог з уладамі, з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, каб укараняць фундаментальныя свабоды, каб забяспечыць захаванне гэтых свабод, правоў чалавека. Таксама мы б хацелі, каб быў прыняты мараторый на смяротнае пакаранне, а таксама рэфармавана выбарчая сістэма напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года”, — гаворыцца ў заяве.
1 снежня пасля выбараў, якія прайшлі ў Еўразвязе, пачаў працу новы склад Еўракамісіі.
Менскі форум упершыню прайшоў у 1997 годзе. У 2011 годзе мерапрыемства было скасаванае. У заяве Нямецка-беларускага таварыства гаварылася, што рашэнне прынятае з-за „ўнутрыпалітычных падзей у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года”. Правядзенне форуму аднавілася ў 2016 годзе.
Галоўная тэма Менскага форуму сёлета: „Месца Беларусі ў Еўропе. Шанцы для знешняй палітыкі, эканомікі, грамадзянскай супольнасці і культуры”. На мерапрыемства з’ехаліся палітыкі, дыпламаты, эксперты і грамадскія актывісты з Беларусі, Германіі, Польшчы і іншых еўрапейскіх краін.
belapan.by