Прадстаўнік Крамля пракаментаваў сустрэчу Макрона з Ціханоўскай



Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў пракаментаваў журналістам у Маскве 29 верасня сустрэчу прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона з экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Святланай Ціханоўскай.

„Прэзідэнт Францыі сустрэўся з грамадзянкай Беларусі. У гэты момант па-іншаму мы ацэньваць гэта не можам — гэта права і прэзідэнта Францыі, і гэтай грамадзянкі Беларусі. Мы паважаем правы — і яго, і яе”, — цытуе Пяскова ТАСС.

На пытанне, ці бачыць Крэмль нейкі сімвалізм у гэтых кантактах, ён адказаў: „Па ўсёй бачнасці, прэзідэнт Францыі падтрымлівае гэту грамадзянку Беларусі — мы гэта так успрымаем”.

Сустрэча Макрона з Ціханоўскай адбылася 29 верасня ў рамках яго афіцыйнага візіту ў Літву. Напярэдадні вечарам Макрон паведаміў журналістам, што падчас сустрэчы з Ціханоўскай мае намер пацвердзіць пазіцыю Францыі і ЕС аб непрызнанні афіцыйных вынікаў выбараў у Беларусі і Лукашэнкі як прэзідэнта, а таксама абмеркаваць ініцыятыву пасрэдніцтва АБСЕ ў вырашэнні палітычнага крызісу, каб пачаць працэс, які будзе прызнаны беларускай грамадзянскай супольнасцю і „дазволіць мірны транзіт”, выключаючы знешняе ўмяшанне.

Сёння на прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы з Ціханоўскай прэзідэнт Францыі заявіў, што гатовы выступіць пасрэднікам для дапамогі ва ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі.

Ціханоўская ў сваю чаргу заявіла пра гатоўнасць абмяркоўваць арганізацыю перамоў па выхадзе Беларусі з крызісу з усімі бакамі, у тым ліку з Расіяй. Найлепшай платформай для такіх перамоў яна лічыць Арганізацыю па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.