Прадстаўнік МЗС Германіі: Мы не хочам вяртання да часоў санкцый
Міністр падкрэсліў, што перадумовай для зняцця санкцый у лютым 2016 года было „дасягненне пэўнага прагрэсу ў галіне дэмакратыі, правоў чалавека, незалежнай юстыцыі і СМІ, у першую чаргу свабоды думкі”.
„Таму мы вельмі моцна заклапочаныя тымі падзеямі, якія адбываюцца цяпер, — сказаў Рот. — Мы чакаем, што ў краіне будзе такая сітуацыя, каб грамадзяне маглі свабодна і без страху выказваць сваю думку. Мы таксама чакаем неадкладнага вызвалення арыштаваных”.
Рот адзначыў, што ў Германіі станоўча ўспрынялі прыняцце Беларуссю восенню мінулага года Нацыянальнага плана па правах чалавека на 2016—2019 гады. „На паперы было дасягнута многае. Цяпер гэта трэба ажыццявіць у інтарэсах усяго беларускага народа”, — сказаў дыпламат.
Ён адзначыў, што Беларусі „неабходна працягваць развіваць і актывізаваць дэмакратыю і прынцыпы прававой дзяржавы”. „Больш дэмакратыі стабілізуе грамадства. Стабільная сітуацыя ў сферы дэмакратыі і правоў чалавека — карысць для эканомікі, людзі гатовыя інвеставаць у гэтую краіну, ствараць у ёй працоўныя месцы”, — падкрэсліў Рот.
З сярэдзіны лютага ў Беларусі праходзяць акцыі супраць дэкрэта прэзідэнта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” і падзення ўзроўню жыцця ў цэлым. З санкцыі Аляксандра Лукашэнкі актывісты пераследуюцца ў судовым парадку.