Прадстаўнік МЗС: Усе ведамствы зацікаўлены ў паляпшэнні ўзаемаадносін з ЕЗ
У беларускім урадзе няма рознагалоссяў адносна супрацоўніцтва з Еўразвязам, усе ведамствы зацікаўлены ў паляпшэнні ўзаемаадносін, заявіў начальнік упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС Андрэй Бушыла на Форуме грамадзянскай супольнасці ініцыятывы ЕЗ „Усходняе партнёрства” 26 кастрычніка ў Таліне.
Заява была зроблена ў адказ на меркаванне праваабаронцы Алеся Бяляцкага аб тым, што некаторыя органы ўлады, у прыватнасці МУС, спрыяюць парушэнню правоў чалавека і гэта негатыўна адбіваецца на беларуска-еўрапейскім дыялогу.
„Пазіцыя дзяржапарата па гэтым пытанні маналітная, — падкрэсліў Бушыла. — Мы зыходзім з задачы, пастаўленай кіраўніком дзяржавы, што нам усім трэба развіваць адносіны з Еўропай”.
Старшыня закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра „Вясна” Бяляцкі адзначыў, што парушэнні правоў чалавека ў краіне з’яўляюцца сістэматычнымі. На думку праваабаронцы, недастаткова толькі працы МЗС; спецслужбы, якія маюць прамое дачыненне да рэпрэсій, таксама павінны разумець, што іх дзеянні негатыўна адбіваюцца на перспектывах супрацоўніцтва Беларусі з ЕС.
„Не магу пагадзіцца, што ў Беларусі не мяняецца сітуацыя з правамі чалавека. На мой погляд, прагрэс ёсць па многіх напрамках. Па смяротным пакаранні, напрыклад, працуе парламенцкая група. Мы бачым сваёй асноўнай задачай змену грамадскай думкі на карысць адмены гэтага віду пакарання або ўвядзення мараторыя. Задача няпростая, але мы над гэтым працуем”, — заявіў Бушыла.
Прадстаўнікі МЗС упершыню ўдзельнічалі ў Форуме грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, што станоўча адзначана айчыннымі і замежнымі лідарамі грамадзянскай супольнасці.
belapan.by