Прадстаўнік пасольства Беларусі выкліканы ў МЗС Літвы
Прадстаўнік пасольства Беларусі выкліканы ў МЗС Літвы ў сувязі з парушэннем паветранай прасторы беларускім самалётам.
Як паведамілі БелаПАН у пасольстве Беларусі ў Літве, падрабязнасці інцыдэнту пакуль невядомыя, бо сустрэча ў літоўскім МЗС з прадстаўніком беларускага дыпламатычнага ведамства яшчэ не адбылася.
Інцыдэнт адбыўся 21 чэрвеня, паведамляе навінавы партал ru.delfi.lt. Грамадзянскі самалёт „Ан-2” знаходзіўся ў паветранай прасторы Літвы ў 14.03—4.07 і ў 14.14—14.17. Парушэнне зафіксавана сродкамі назірання за паветранай прасторай ВПС Літвы і візуальна.
У сувязі з незаконным перасячэннем дзяржаўнай мяжы Служба аховы дзяржмяжы Літвы пачала дасудовае расследаванне. У сувязі з інцыдэнтам 22 чэрвеня будзе ўручана нота часовай паветранай у справах Беларусі ў Літве.
Паводле слоў афіцэра па сувязях з грамадскасцю штаба ВПС Літвы Аўдруса Ашмантаса, пра інцыдэнт быў інфармаваны кантынгент НАТА, які ажыццяўляе місію паветранай паліцыі, ён быў гатовы рэагаваць, але парушэнне было кароткачасовым, таму мэты падымацца ў паветра не было. Ашмантас таксама паведаміў, што былі спробы ўстанавіць сувязь з самалётам, але ён быў без транспондараў.
Адзначым, што гэтай вясной беларускі бок зафіксаваў парушэнне дзяржаўнай мяжы самалётам з боку Літвы. Паветранае судна 19 красавіка ў 13.40 паглыбілася на тэрыторыю Беларусі на адлегласць да 8 км і ў 13.43, зрабіўшы разварот, выйшла за межы паветранай прасторы краіны. Увесь час знаходжання ў паветранай прасторы Беларусі самалёт кантраляваўся сродкамі супрацьпаветранай абароны. 22 красавіка ў Міністэрства замежных спраў Беларусі быў выкліканы пасол Літоўскай Рэспублікі Андрус Пулакас, якому была ўручана нота пратэсту.