Прадстаўнік штаба Цапкалы: Будзем змагацца за кожны подпіс



Прадстаўнік штаба Валерыя Цапкалы Ілья Дабратвор паведаміў БелаПАН 2 ліпеня, што каманда экс-кіраўніка ПВТ падала скаргі на рашэнні ніжэйшых выбаркамаў аб масавай адбракоўцы подпісаў за вылучэнне Цапкалы кандыдатам у прэзідэнты ў абласныя камісіі напярэдадні.

„Сёння яны праводзяць пасяджэнні. Яны маюць магчымасць пералічыць подпісы, рабіць дадатковую выбарку, мы гэта іх папрасілі зрабіць”, — сказаў ён.

„Зараз мы просім членаў ініцыятыўных груп накіроўваць заявы ў тэрытарыяльныя камісіі, грамадзян, якія падпісваліся за Валерыя Вільямавіча, таксама накіроўваць заявы, — адзначыў Дабратвор. — Мы просім даць нам пратаколы, якія ад нас хаваюць, аб выніках праверкі [подпісаў]. Мы не валодаем інфармацыяй аб выніках праверкі, якая была на нізавым узроўні. Я не магу назваць дакументам тое, што было апублікаванае на сайце ЦВК, таму што [на той момант] не былі праведзеныя пасяджэнні абласных і Менскай гарадской камісіі. І тут раптам з’яўляюцца нейкія лічбы. Гэта проста нейкія лічбы, апублікаваныя на сайце ЦВК, за якія ніхто не нясе ніякай адказнасці. Яны маюць інфармацыйны характар, адпаведна, мы разумеем, што яны могуць мяняцца”.

Паводле слоў Дабратвора, штаб Цапкалы гатовы абараняць адбракаваныя подпісы, напрыклад, з дапамогай звароту ў пракуратуру, але для гэтага спачатку трэба атрымаць дакументы камісій з рашэннем і аргументацыяй адбракоўкі.

belapan.by