Прадстаўнікі апазіцыі абмеркавалі з еўракамісарам Ханам сітуацыю ў Беларусі



Прадстаўнікі апазіцыі 30 студзеня ў Менску абмеркавалі з камісарам па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні ЕЗ Ёханесам Ханам сітуацыю ў Беларусі.

У сустрэчы ўзялі ўдзел старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідар руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі, сустаршыня кампаніі „Гавары праўду” Таццяна Караткевіч, каардынатар кампаніі „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда, старшыня незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч, палітыкі Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў.

„Мы перадалі ў пісьмовым выглядзе апісанне сітуацыі ў Беларусі, якая звязаная у тым ліку з выбарчай кампаніяй і рэпрэсіямі ў дачыненні да СМІ, — паведаміў БелаПАН паводле вынікаў сустрэчы з Ханам Анатоль Лябедзька. — Ён падзяліўся сваімі ўражаннямі ад сённяшніх сустрэч з Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем і прэм’ер-міністрам Уладзімірам Кабяковым. Пагаварылі пра стратэгію Еўразвяза адносна Беларусі”.

Хан, паводле слоў Лябедзькі, сказаў, што ў ЕЗ існуе „пакетная мадэль, якая ўключае ў сябе некалькі пытанняў”: эканамічны складнік, што цікавіць больш беларускую ўладу, і пытанні правоў чалавека і свабод, што важна Еўразвязу. „Ён тлумачыў, у чым сэнс гэтага мадэльнага пакета і наколькі ён важны для ЕЗ”, — сказаў палітык.

„Для яго сённяшнія сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады — чарнавая праца, ад якой яны не чакаюць хуткіх поспехаў”, — дадаў Лябедзька.

Прадстаўніка ЕЗ цікавіла ацэнка сітуацыі ў Беларусі апазіцыяй, паведаміла Таццяна Караткевіч. „Я казала пра тое, што перашкоды пры рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты на мясцовых выбарах ствараюць магчымую пагрозу мірным пераменам у краіне. Лібералізацыя, што акрэслілася, можа быць спыненая, бо на мясцовым узроўні ёй перашкаджаюць”, — сказала яна.

На сустрэчы Караткевіч паведаміла пра „вялікі разрыў” паміж цэнтральнай уладай і рэгіёнамі. „На ўзроўні мясцовай улады альтэрнатыва па-ранейшаму ўспрымаецца хутчэй як пагроза, а не магчымасць развіцця. Адсюль недальнабачная палітыка ўладаў на розным узроўні”, — заявіла яна.

Акрамя таго, Караткевіч заявіла пра рост незадаволенасці насельніцтва ўладай. „З нашага пункта гледжання, рэцэпт выпраўлення гэтай сітуацыі знаходзіцца ў з’яўленні альтэрнатывы ў мясцовых саветах, каб дэпутаты маглі крытыкаваць ўладу”, — сказала палітык.

„Нам важна, — адзначыла яна, — каб паляпшэнне адносін Беларусі і ЕЗ таксама азначала і альтэрнатыву для грамадзян нашай краіны. Таму мы прапанавалі працягваць кааперацыю дыялогу ЕЗ з уладай і садзейнічаць палітычнаму дыялогу ўнутры Беларусі”.

„Вялікіх поспехаў у дыялогу Беларусі і ЕЗ пакуль няма, але ёсць упэўненасць, што яго трэба працягваць”, — дадала Караткевіч.

Візіт Хана ў Беларусь раней планаваўся 17 кастрычніка 2017 года, але быў перанесены ў сувязі з нечаканымі пытаннямі, якія ўзніклі пры падрыхтоўцы пасяджэння Еўрапейскага савета ў Бруселі (адбылося 19—20 кастрычніка).

belapan.by