Прадстаўнікі апазіцыі не прайшлі ў склад Менскага гарадскога і абласных саветаў
Паводле папярэдніх звестак ЦВК, у Беларусі сфармаваныя ўсе 1.309 мясцовых саветаў, выбары ў якія адбыліся 18 лютага. Абраныя 18.110 дэпутатаў. У адной з 18.111 акругаў райсавета неабходна будзе праводзіць паўторныя выбары.
Згодна са звесткамі Цэнтрвыбаркама, у склад Менскага гарадскога і абласных саветаў прадстаўнікі апазіцыйных партый і арганізацый не прайшлі.
Па выніках датэрміновага і галасавання ў асноўны дзень яўка на мясцовых выбарах склала 77,05% (5.333.613 чалавек).
У Берасцейскай вобласці прагаласавала 79,16% (датэрмінова — 31,84%) выбаршчыкаў, у Віцебскай — 84,49% (34,96%), Гомельскай — 80,76% (36,48%), Гарадзенскай — 79,81% (34,55%), Менскай — 77,97% (34,61%), Магілёўскай — 82,26% (36,36%), у Мінску — 61,41% (35,69%).
На датэрміновым галасаванні яўка склала 34,95% выбаршчыкаў, на 10.00 дня асноўнага галасавання з улікам датэрміновага — 38,08%, на 12.00 — 45,57%, на 14.00 — 55,69%, на 16.00 — 63,66%, на 18.00 — 70,54%.
Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, на выбарах было зарэгістравана 22.278 кандыдатаў у дэпутаты. З іх 16.229 вылучаліся шляхам збору подпісаў, 6.546 — працоўнымі калектывамі, 871 — палітычнымі партыямі. Некаторыя кандыдаты вылучаліся рознымі спосабамі.
10.946 кандыдатаў у дэпутаты — жанчыны, 1.169 — маладыя людзі да 30 гадоў, 10.362 — дэпутаты папярэдняга склікання, 33 — грамадзяне Расеі.
15 лютага кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла журналістам, што высокая яўка на мясцовых выбарах абумоўленая законнай стымуляцыяй выбаршчыкаў з боку ўлады. „У гарадах яўку на гэты момант проста стымулююць бюджэтныя арганізацыі, навучальныя ўстановы. Гэта натуральны працэс: працуюць над яўкай, заклікаюць”, — сказала яна.
Стымуляцыя да галасавання не азначае прымусу да яго, падкрэсліла Ярмошына. „Прымушаюць — гэта калі кажуць, што калі ты не прыйдзеш, то табе будзе дрэнна (цябе выселяць з інтэрнату, ты не атрымаеш прэміі). Рэкамендацыі прыйсці на ўчасткі — гэта не больш чым стымуляванне ў межах закона”, — патлумачыла старшыня ЦВК.
Незалежныя назіральнікі на працягу галасавання заяўлялі, што ўлада для падвышэння яўкі выкарыстоўвала адміністрацыйны рэсурс, арганізоўвала „каруселі”, завышала лічбы ў выніковых пратаколах участковых выбарчых камісій. БелаПАН