Пададзена заяўка на святкаванне Дня Волі ў Менску



Прадстаўнікі апазіцыі падалі заяўку ў Мінгарвыканкам на святкаванне Дня Волі, паведаміў БелаПАН старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў.

Паводле яго слоў, заяўка была накіравана ад БСДП (Грамада), партыі „Зялёныя” і руху „За Свабоду”.

Арганізатары прапаноўваюць правесці 22 сакавіка мітынг-канцэрт, але дакладны час і месца не паведамляюць, паколькі гэта можа паслужыць для ўладаў падставай для адмовы.

„Мы падалі заяўку на месца, дзе яшчэ святкаванне БНР не праводзілася, і яно не з адведзеных Мінгарвыканкамам месцаў для масавых мерапрыемстваў. Калі мы падавалі просьбу ўключыць святкаванне БНР-102 у агульнагарадскі план мерапрыемстваў, то прапаноўвалі тры пляцоўкі: каля Палаца спорту, каля опернага тэатра, плошчу Свабоды. Нам адмовілі, але было прапанавана агучыць, якія яшчэ могуць быць альтэрнатывы. Мы прапанавалі папулярнае месца ў моладзі, там ўжо праходзілі такія фестывалі. Месца каля цэнтра горада, не Кіеўскі сквер і не Бангалор”, — сказаў Барысаў.

Паводле яго слоў, гатовы спіс музычных гуртоў, якія пагадзіліся выступіць на свяце. 13 лютага пройдзе пасяджэнне аргкамітэта, пасля чаго арганізатары будуць гатовыя назваць частку падрабязнасцяў праграмы. Цяпер ідзе збор сродкаў на краўдфандынгавай пляцоўцы Mola-Mola.

„Спадзяемся, што ўлады адкажуць станоўча, тым больш што для нас гэта мерапрыемства святочнае, працягваем традыцыю 2018—2019 гадоў са зменай фармату. Так мы выходзім за межы традыцыйнай нацыянальна арыентаванай часткі грамадства, каб прасоўваць ідэалы БНР”, — сказаў Барысаў.

У склад аргкамітэта па падрыхтоўцы святкавання 102-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ўваходзяць БСДП (Грамада), Аб’яднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, рух „За Свабоду” і партыя „Зялёныя”.

У красавіку 2019 года арганізатары свята з нагоды 101-й гадавіны абвяшчэння БНР былі аштрафаваныя на 735 рублёў за неаплату паслуг міліцыі. У жніўні суд Маскоўскага раёна задаволіў іск ГУУС Мінгарвыканкама і пастанавіў спагнаць з арганізатараў больш як 8.000 рублёў у якасці платы за перавышэнне колькасці ўдзельнікаў, за карыстанне чужымі сродкамі і пені.