Прадстаўнікі апазіцыі ўдзельнічаюць у шостай сесіі Еўранеста ў Кіеве



Прадстаўнікі беларускай апазіцыі ўдзельнічаюць у мерапрыемствах шостай сесіі Еўранеста (Парламенцкая асамблея Усходняга партнёрства), якая адкрылася 30 кастрычніка ў Кіеве. Афіцыйная дэлегацыя Палаты прадстаўнікоў у сталіцу Украіны не паехала. Запрашэнне ўзяць удзел у сесіі Еўранеста атрымалі Юрась Губарэвіч (старшыня руху „За Свабоду”), Ірына Вештард (старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада)), Сяргей Калякін (лідар Беларускай партыі левых „Справядлівы свет”), Таццяна Караткевіч (сустаршыня руху „Гавары праўду”), Анатоль Лябедзька (лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі), Віталь Рымашэўскі (сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”), Мікалай Статкевіч (сустаршыня Беларускага нацыянальнага кангрэса, лідар аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі „Народная Грамада”), Аляксей Янукевіч (намеснік старшыні Партыі БНФ), а таксама дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Ганна Канапацкая, якія прадстаўляюць дэмакратычныя сілы краіны ў беларускім парламенце.

Парламент Беларусі ў працы Еўранеста не ўдзельнічае з-за непрызнання выбараў у Нацыянальны сход адпаведнымі дэмакратычным стандартам.

Як заявіў на мінулым тыдні старшыня парламенцкай камісіі па міжнародных справах Валерый Варанецкі, удзел беларускага парламента ў Еўранесце магчымы „на нармальных умовах, якія не дыскрэдытуюць краіну”.

У той жа час Анатоль Лябедзька перад ад’ездам у Кіеў сказаў : „Мы чакаем, што пытанне сумленных выбараў будзе заставацца на парадку дня Еўранеста і стане умовай размарожвання пляцоўкі для супрацоўніцтва еўраструктур з беларускім Нацыянальным сходам„.

„Мы супраць таго, каб цяпер легітымізаваць склад Палаты прадстаўнікоў у межах Еўранеста. Лічым, што патрэбныя дыскусійныя пляцоўкі, на якія будуць запрашацца ў тым ліку прадстаўнікі ўлады”, — дадаў старшыня АГП.

Сёння ў рамках сесіі Еўранеста будуць працаваць парламенцкія камітэты, а 31 кастрычніка і 1 лістапада пройдуць пленарныя пасяджэнні.

Удзельнікамі Усходняга партнёрства з’яўляюцца Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова і Украіна. БелаПАН