Прадстаўнікі Беларусі не запрошаныя на каранацыю Карла III



МЗС Вялікабрытаніі пацвердзіла, што прадстаўнікі Беларусі не запрошаныя на каранацыю Карла III.

Запрашэнні былі разасланыя кіраўнікам дзяржаў усіх краін, з якімі Вялікабрытанія мае „поўныя дыпламатычныя стасункі, за невялікай колькасцю выключэнняў”. Акрамя Беларусі не запрошаныя прадстаўнікі Афганістана, Венесуэлы, Ірана, М’янмы, Расеі і Сірыі. Адметна, што Нікарагуа і Паўночная Карэя запрошаныя на каранацыю — на ўзроўні дыпламатаў.

Узыходжанне на трон Карла III адбудзецца 6 траўня. Ён будзе каранаваны разам са сваёй жонкай, каралевай-кансортам Камілай.  Паводле папярэдніх звестак, на цырымоніі будуць прысутнічаць больш як 2 тысячы 200 чалавек з 203 краін, у тым ліку каля ста кіраўнікоў дзяржаў.    

Крыніца: @pozirkonline