У Бруселі адбыўся саміт „Усходняга партнёрства”



Адна падпісаная дамова і абяцанні прарыву. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей назваў сёлетні саміт “Усходняга партнёрства” ледзь не самым паспяховым для нашай краіны.

З падрабязнасцямі з Бруселя – наш карэспандэнт:

– Еўразвяз працягне крытычныя ўзаемадзеянні з Беларуссю, працу каардынацыйнай группы ЕЗ – Беларусь па правах чалавека і дыялог па пытаннях гандлю. Гэта бадай адзіныя фармулёўкі ў выніковай рэзалюцыі „Усходняга партнёрства”, якія датычныя Беларусі. Міністр замежных спраў Уладзімір Макей на прэс-канферэнцыі адзначыў, што не меў двухбаковых сустрэч на гэтым саміце і пацвердзіў, што ў стасунках з Еўразвязам не ўсё добра, але адносіны наладваюцца. Не менш аптымістычна ён выказаўся на конт будучага супрацоўніцтва з ЕЗ, асабліва падкрэсліўшы, што на наступны саміт “Усходняга партнёрства”, які пройдзе праз два гады, Беларусь прыедзе з такімі дамоўленасцямі, пра якія будуць казаць усе. Што гэта за дамоўленасці, ён, праўда, не ўдакладніў. Пазбягаў кіраўнік беларускай дыпламатыі і адказаў на іншыя канкрэтныя пытанні, у тым ліку аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб дыпламатычным скандале з Украінай. Па папярэдніх выніках на сёлетнім саміце Макею ўдалося падпісаць з Еўразвязам толькі дамову аб транспартным калідары. Пакуль Беларусь так і застаецца адзінай краінай у Еўропе, якая не мае дамовы з ЕЗ аб партнёрстве і супрацоўніцтве.

***

Еўрапейскі звяз мае намер у найбліжэйшыя гады павялічыць падтрымку грамадзянскай супольнасці ў краінах – удзельніцах ініцыятывы ЕЗ „Усходняе партнёрства” (Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова і Украіна). Пра гэта на прэс-канферэнцыі па выніках саміту „Усходняга партнёрства” 24 лістапада ў Бруселі заявіў старшыня Еўрапейскага савета, былы прэм`ер-міністр Польшчы Дональд Туск.

Туск адзначыў, што праект „Усходняга партнёрства”, зацверджаны ў 2009 годзе, стаў вынікам імкнення ЕЗ „скараціць дыстанцыю з еўрапейскімі суседзямі на Усходзе” з дапамогай „стратэгічнага і комплекснага падыходу, які б датычыўся ўсяго рэгіёна”.

Паводле яго слоў, за гэты час „было Падпісана пагадненне аб асацыяцыі з Грузіяй, Украінай і Малдовай, ёсць зрухі па рынках з Арменіяй, Беларуссю, Азербайджанам”. „Сёння мы падпішам новае далёка ідучае комплекснае пагадненне аб партнёрстве з Арменіяй. Працягваюцца абмеркаванні новага комплекснага пагаднення з Азербайджанам. Мы таксама працягваем развіваць адносіны з Беларуссю”, — сказаў кіраўнік Еўразвяза. Ён дадаў, што ўсе гэтыя вынікі „могуць быць нагодай для гонару”.

***

Ці будзе прагрэс у стасунках Беларусі з Еўразвязам? Якія прыярытэты акрэсляць еўрапейскія палітыкі ў супрацы з Беларуссю?

Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні даведаемся па выніках саміта краін-удзедьніц праграмы «Усходняе партнёрства» (Арменія, Азербайджан, Беларусь, Грузія, Малдова і Украіна), які сёння праходзіць у Бруселі.

Прадстаўнікі беларускай апазіцыі прынялі ўдзел у шостым саміце Еўрапейскай народнай партыі ў Бруселі. Тут сёння чакаецца саміт лідараў краін-удзельніц праграмы Еўразвязу «Усходняе партнёрства». Беларусь на сустрэчы прадстаўлялі лідары Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і Руху «За Свабоду» Анатоль ЛябедзькаВіталь Рымашэўскі і Юрась Губарэвіч.

Еўрапейская народная партыя вызначылася ў стратэгіі стасункаў з Беларуссю на бліжэйшыя два гады. Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які ўдзельнічаў у шостым з’езде вядучых еўрапейскіх палітыкаў у Бруселі, паведаміў, што асноўныя сілы ў еўрапейскім парламенце выказваюць узгодненую пазіцыю па Беларусі.  

– Пасланне вельмі яснае, яно вызначае прыярытэты што трэба рабіць. І там якраз ёсць палітычны блок – гэта тое, пра што пазбягае весці перамовы беларуская ўлада. Гэта і свабодныя сумленныя выбары, і спыненне рэпрэсій, і рэальныя рэформы ў Беларусі. Гэта вялікі плюс, фактычна ў той рэдакцыі, якую мы ўзгаднілі з нашымі партнёрамі.

Па словах Анатоля Лябедзькі, беларускія палітыкі настаялі на ўключэнні у пасланне Еўрапейскай народнай партыі краінам «Усходняга партнёрства» асобнага пункта аб стасунках Еўразвязу і Беларусі. У ім адзначаецца, што Еўрапейская народная партыя прапануе ініцыяваць дыялог паміж Еўразвязам і Беларуссю з удзелам прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацый і апазіцыйных сіл.

Беларуская правацэнтрысцкая кааліцыя распавяла на з’ездзе Еўрапейскай народнай партыі сваё бачанне сітуацыі ў Беларусі. „Засяродзілі ўвагу еўрапейскіх палітыкаў на працягванні з боку беларускай улады практыкі пераследу палітычнай апазіцыі і журналістаў незалежных СМІ, далейшае выкарыстанне смяротнага пакарання і адсутнасці зменаў у электаральнай і юрыдычнай сістэмах у Беларусі”, – распавёў старшыня „Руху за „Свабоду” Юрась Губарэвіч:

– Засяродзілі ўвагу на тым, што, натуральна, мы адзіная праеўрапейская кааліцыя, сіла ў Беларусі, якая выступае за паглыбленне гэтых стасункаў. Аднак гэты працэс мусіць быць абумоўлены. Тое, што адбываецца зараз, калі на другі план сыходзіць павестка правоў чалавека, дэмакратычных рэформаў, свабодных выбараў, – гэта недапушчальна. Мы знайшлі падтрымку і разуменне ў рамках ГПП, бо мы тут гаворым адным голасам, але важна ўплываць на іншыя інстытуты Еўрапейскага звяза, якія прымаюць рашэнні ў дачыненні да Беларусі.

Без істотных рэформаў у беларускіх уладаў не будзе магчымасці весці паўнавартасны дыялог з Еўразвязам. Такую думку выказаў па заканчэнні з’езду Еўрапейскай народнай партыі ў Бруселі з удзелам беларускай правацэнтрысцкай кааліцыі сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Віталь Рымашэўскі:

– Прагрэсу з правамі чалавека, дэмакратыяй як выніку няма. І тут гэта абсалютна ясна разумеюць. Беларускія ўлады без выніку хацелі мець поўнафарматныя стасункі з Еўразвязам. Але гэта немагчыма. Тое, што была прынята рэзалюцыя Еўрапейскай народнай партыі, – гэта стратэгічны дакумент, які вызначыць пазіцыю ЕНП на бліжэйшыя два гады, а ў ЕНП уваходзіць і Туск, і Юнкер, па сутнасці, усё кіраўніцтва Еўразвяза, – сёння гэта надзвычай важна і для нас, і для Беларусі, што там ёсць пункты пра свабодныя выбары, дэмакратызацыю, правы чалавека.

На сустрэчы лідараў Еўрапейскай народнай партыі, сярод якіх былі кіраўнікі Еўрапейскай Рады, Еўракамісіі і Еўрапарламента Дональд Туск, Жан Клод Юнкер і Антоніо Таяні, абмяркоўвалася падрыхтоўка да саміту «Усходняга партнёрства», які сёння пройдзе ў Бруселі.

Да пачатку саміта беларускія актывісты збіраюцца правесці акцыю пад назвай „Дзе Ганчар?” Яны нагадаюць еўрапейскім палітыкам, што ў Беларусі дагэтуль не вызначаныя лёсы палітыкаў Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага, журналіста Зміцера Завадскага, зніклых за час кіравання Аляксандра Лукашэнкі.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Брусель

Фота аўтара