Прадстаўнікі чатырох палітычных арганізацый выступілі з заявай салідарнасці з «Белсат» (абноўлена)



Прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці і яго лідар Генадзь Фядыніч далучыліся да звароту трох палітычных арганізацый – Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Руху «За свабоду» і БХД у абарону тэлеканала «Белсат». Беларускія дэмакратычныя сілы выступілі з сумеснай заявай у адказ на кампанію ў сацыяльных сетках супраць тэлеканала, якая разгарнулася ў апошнія дні. Генадзь Фядыніч узгадвае, што журналістам тэлеканала адмыслова не даюць акрэдытацыю і караюць у Беларусі. Прафсаюзны лідар спадзяецца, што ў будучыні «Белсат» можа стаць нацыянальным тэлебачаннем.

– Толькі адна бяда ў тым, што няма магчымасці людзям глядзець гэты «Белсат», як любую іншую праграму ўключаюць. Тады, я лічу, у сотні разоў было б больш людзей, якія б глядзелі «Белсат». Была б добрая зваротная сувязь тады. «Белсат» заслугоўвае таго, каб у будучым стаў добрым нацыянальным тэлебачаннем.

Кампанія з абвінавачваннямі ў наступе на свабоду слова супраць тэлеканала пачалася пасля таго, як з яго быў звольнены супрацоўнік па прасоўванні кантэнту „Белсата” ў сацыяльных сетках Іван Шыла. Падставай да звальнення стала публікацыя на асабістай старонцы ў Facebook фотаздымка, на якім падпісваюць дамову прэзідэнты Польшчы і ЗША ды іранічнага каментара аўтара.

* * * 

Аб’яднаная грамадзянская партыя, Рух «За Свабоду», прафсаюз «РЭП» і «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» лічаць, што тэлеканал, які вяшчае з Польшчы, стаў аб’ектам дыскрэдытацыйных кампаній і правакацый з боку афіцыйных беларускіх і расейскіх медыя.

Каментуе супольную заяву сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі:

— Карыстаючыся дробнай нагодай пачалася хваля дыскрэдытацыі ў сацыяльных сетках, а таксама сярод міжнародных структур адзінага незалежнага тэлеканала «Белсат». Для мяне гэта відавочна. Дыскрэдытацыя падаецца пад выглядам барацьбы за свабоду слова. Нібыта «Белсат» парушыў правы свайго супрацоўніка, хоць я лічу, што насамрэч ніякіх сур’ёзных праблем там не было і абвінавачваць «Белсат» у парушэнні права на свабоду слова проста смешна.

«Для «Руху За свабоду» і для правацэнтрысцкай кааліцыі, у якую ён уваходзіць, а таксама для іншых арганізацый, было важна аказаць маральную падтрымку супрацоўнікам тэлеканала «Белсат». Яны ўвесь час знаходзяцца на перадавой барацьбы разам з дэмакратычнымі палітычнымі актывістамі, самі трапляюць пад рэпрэсіі. Іх пераследуюць, затрымліваюць і нават абмяжоўваюць свабоду. Таму вельмі важна праявіць салідарнасць у гэтыя дні», —так пазначыў мэту звароту ў падтрымку тэлеканала «Белсат» старшыня Руху За свабоду Юры Губарэвіч:

— Рэакцыя, нейкая крытыка, яна заўсёды можа мець месца, але калі гэта ператвараецца ў кампанію цкавання, знішчэння, гэта ўжо пераходзіць разумныя межы. Таму тое, што мы назіраем апошнім часам, проста нейкі шал у інтэрнэце, калі ніхто ўжо да канца не памятае, з-за чаго што пачалося, але кожны лічыць за патрэбнае пнуць тэлеканал, усё гэта наводзіць на дастаткова сумныя думкі.

Ва ўмовах узмацнення ціску на Беларусь з боку Расеі, у тым ліку і на інфармацыйным полі, „Белсат” застаецца адзінай тэлевізійнай крыніцай незалежнай інфармацыі ды ўзмацнення беларускай тоеснасці, адзначаюць аўтары звароту. Нагадаем раней кіраўніцтва тэлеканала „Белсат” разарвала працоўныя адносіны з беларусам Іванам Шылам пасля ягонага палітычна некарэктнага, з гледзішча дырэкцыі, допісу ў асабістым акаунце Фэйсбук. А менавіта фота польскага ды амерыканскага прэзідэнтаў з рэмаркай. Звальнення Шылы і выклікала шырокае абмеркаванне ў сацыяльных сетках.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя