Прадстаўнікі дэмсіл прапануюць стварыць новую Канстытуцыю Беларусі



Новая Канстытуцыя магла бы быць створаная ў Беларусі на базе Асноўнага закона 1994 года. Такое меркаванне выказалі эксперты і кіраўнікі апазіцыйных палітычных партый падчас круглага стала „Прафесійна аб актуальным”, праведзенага прадстаўнікамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі вечарам 13 сакавіка ў Менску.

Былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў абвясціў прапанову пра стварэнне канстытуцыйнай камісіі па распрацоўцы новага Асноўнага закона.

„Мы можам аб’явіць пра стварэнне канстытуцыйнай камісіі. Я лічу, далей адкладаць нельга. Старшынём мог бы стаць былы кіраўнік Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб. Яна бязмежная па сваім складзе, у яе могуць увайсці ўсе ахвотныя, і тэрмін дзеяння не абмежаваны. Я думаў, як вырашыць канстытуцыйны крызіс, з 1996 года. Мы павінны вярнуцца да Канстытуцыі 1994 года, гэта зыходная база далейшых канстытуцыйных пераўтварэнняў”, — сказаў ён.

Новы Асноўны закон можа быць прыняты пры выкарыстанні „малой Канстытуцыі”, распрацаванай у 2007 годзе. „Гэта канстытуцыйны акт, які прымаецца на пераходны перыяд. Ён рэгулюе адносіны органаў улады, вызначае парадак іх фармавання на пераходны перыяд і пакідае ў сіле некаторыя палажэнні папярэдняй Канстытуцыі. Яна дае магчымасць вырашыць праблему легітымнасці, замяняе і рэгулюе новыя паўнамоцтвы органаў улады, а ўсё астатняе пра правы чалавека і ўнітарную дзяржаву застаецца ў дзеянні”, — заявіў юрыст былы дэпутат Вярхоўнага савета Аляксандр Дабравольскі.

„Выбары ў парламент могуць быць у канцы гэтага года. Варта было б стварыць для ўсіх кандыдатаў адзіную праграму ў плане стаўлення да Канстытуцыі. У выніку такая кампанія, якая адбылася б па прымальным для нас законам, дазволіла б сфармаваць легітымны орган, з якім можна было б прыняць Канстытуцыю і праводзіць трансфармацыю грамадства”, — сказала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынятая 15 сакавіка 1994 года. У яе тройчы ўносілі змены паводле вынікаў ініцыяваных Аляксандрам Лукашэнкам рэферэндумаў — у 1995, 1996 і 2004 гадах. Так, была змененая дзяржаўная сімволіка, значна пашыраныя паўнамоцтвы прэзідэнта, скасаваны аднапалатны парламент і ўведзены двухпалатны, захаванае смяротнае пакаранне і абмежаваная прыватная ўласнасць на зямлю, уведзеная магчымасць для адной асобы абірацца кіраўніком дзяржавы неабмежаваную колькасць разоў.

Пытанне пра магчымую змену Канстытуцыі ў Беларусі абмяркоўваецца прыблізна два года. Лукашэнка падчас „Вялікай размовы з прэзідэнтам” 1 сакавіка заявіў, што новую Канстытуцыю „давядзецца прымаць”. „Нам давядзецца ўзмацняць іншыя галіны ўлады, выканаўчую, заканадаўчую. Магчыма, штосьці, але пасля сур’ёзнага аналізу, трэба будзе распачаць па выбарчай сістэме. Уводзіць ці не ўводзіць прапарцыйную сістэму або спыніцца на мажарытарнай. Гэта будзе зрабіць проста — ужо досвед ёсць і Расіі, і Казахстана, іншых краін. Мы яго вывучым, — сказаў ён. — Я вам клянуся, што гэтая Канстытуцыя не будзе праціскацца, не будзе прымацца нахрапам, не будзе з маёй зацікаўленасцю”.

belapan.by