Прадстаўнікі партый і арганізацый падпісалі мемарандум (абноўлена)
Кіраўнік руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч, сябра Рады Беларускага Нацыянальнага кангрэсу Вячаслаў Сіўчык, прадстаўнік грамадзянскай ініцыятывы “Свежы вецер” Уладзімір Мацкевіч, экс-кандыдат у прэзідэнты паэт Уладзімір Някляеў і старшыня партыі “Зялёныя” Анастасія Дарафеева далучыліся да заявы ў абарону незалежнасці, якую днямі прынялі прадстаўнікі партый і рухаў сумесна з Радай БНР. Падпісанты заявы звярнулі ўвагу на пагрозу суверэнітэту ў кантэксце мяркуемага падпісання Лукашэнкам і Пуціным інтэграцыйных дакументаў.
Аўтары заявы пацвердзілі пазіцыю, якая была заяўленая ў Віленскім мемарандуме 2012 года: „Суб’ектам і першасным гарантам незалежнай дзяржаўнасці Беларусі і нацыянальна-культурнай перспектывы беларусаў ёсць сам беларускі народ, які павінен сцвярджаць сваю палітычную волю ва ўмовах свабоды” і заклікалі дэмакратычныя краіны свету „асудзіць любыя спробы Расейскай Федэрацыі абмежаваць суверэнітэт Беларусі”.
* * *
У дзень XXX Сесіі Рады БНР адбылася сумесная нарада падпісантаў Віленскага мемарандуму 2012 г. – прадстаўнікоў галоўных беларускіх дэмакратычных партый і грамадскіх арганізацый. Па выніках абмеркавання бягучай сітуацыі вакол магчымага падпісання афіцыйным Менскам і Крамлём дакументаў пра далейшую інтэграцыю Беларусі і Расеі было вырашана прыняць заяву, тэкст якой падаем ніжэй.
АБ ПАГРОЗЕ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ БЕЛАРУСІ
Сумесная заява падпісантаў Віленскага мемарандуму (2012), прадстаўнікоў палітычных партый, рухаў, грамадскіх арганізацый
Мы, падпісанты Віленскага мемарандуму 2012 году, прадстаўнікі дэмакратычных партый, рухаў, грамадзянскай супольнасці Беларусі сумесна з Радай Беларускай Народнай Рэспублікі:
— звяртаем увагу беларускага народу і міжнароднай супольнасці на небяспечны намер кіраўнікоў Расеі і Беларусі Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі падпісаць 8 снежня сёлета дамовы, якія замацоўваюць залежнасць Беларусі ад Расеі ды патэнцыйна пагражаюць самому далейшаму існаванню Беларусі як незалежнай суверэннай дзяржавы;
— нагадваем, што беларускі народ стагоддзямі змагаўся за сваю незалежную дзяржаўнасць, паклаўшы ў барацьбе спачатку з Расейскай, а затым з камуністычнай савецкай імперыяй незлічоную колькасць жыццяў, і гэтыя ахвяры не забытыя;
— падкрэсліваем, што лёсавызначальныя для беларускага народу пагадненні рыхтуюцца ў поўнай сакрэтнасці, без якіх бы ні было кансультацый з прадстаўнікамі грамадскасці. Ніводзін праект дакумента не апублікаваны. Нават „дэпутаты парламента“ не здолелі атрымаць хаця б мінімальную інфармацыю ад ураду Беларусі;
— зазначаем, што ініцыятары інтэграцыі абгрунтоўваюць cвае дзеянні вынікамі праведзенага ў Беларусі ў 1995 годзе рэферэндуму, адным з пытанняў якога была эканамічная інтэграцыя з Расеяй. Але рэферэндум быў прызначаны насуперак Канстытуцыі і заканадаўству, у тым ліку шляхам збіцця збройнымі падраздзяленнямі спецслужбаў дэпутатаў апазіцыі непасрэдна ў залі парламента, ён праходзіў з шматлікімі фальсіфікацыямі і не з’яўляецца сапраўдным волевыяўленнем беларускага народу;
— заяўляем, што ад моманту абрання Лукашэнкі прэзідэнтам у 1994 годзе, у Беларусі не было свабодных і справядлівых выбараў, а ў лістападзе 1996 адбыўся канстытуцыйны пераварот і парламент быў гвалтоўна распушчаны. У часе апошняй выбарчай кампаніі ў “палату прадстаўнікоў” значная частка непраўладных кандыдатаў не была дапушчаная да рэгістрацыі, нідзе назіральнікі не былі дапушчаныя да падліку галасоў, на шмат якіх участках зафіксаваныя іншыя парушэнні. У “парламент” не прапушчаны ніводзін непраўладны кандыдат. Такім чынам, у Беларусі няма легітымнай заканадаўчай улады, а значыць, любыя дамовы, падпісаныя цяперашняй ўладай, апрыёры неканстытуцыйныя;
— нагадваем, што ў пачатку 1990-х гадоў Беларусь добраахвотна адмовілася ад ядзернай зброі, даверыўшыся гарантыям свайго суверэнітэту, сфармуляваным у так званым Будапешцкім мемарандуме, падпісаным ЗША, Вялікай Брытаніяй і Расеяй. Аднак абмежаванне суверэнітэту Беларусі аж да пагрозы інкарпарацыі з боку Расеі, якая пад уладай Пуціна вядзе палітыку агрэсіўнай ваяўнічай імперыі, можа стварыць прынцыпова іншую і вельмі небяспечную геапалітычную сітуацыю ў Еўропе: расейскае войска апынецца на 600 кіламетраў бліжэй да еўрапейскіх сталіц.
Мы пацвярджаем пазіцыю, заяўленую ў Віленскім мемарандуме 2012 году: “Суб’ектам і першасным гарантам незалежнай дзяржаўнасці Беларусі і нацыянальна-культурнай перспектывы беларусаў ёсць сам беларускі народ, які павінен сцвярджаць сваю палітычную волю ва ўмовах свабоды“.
Мы падкрэсліваем, што кансервацыя антыдэмакратычнай, не падсправаздачнай народу, пазбаўленай дэмакратычна-канстытуцыйнай легітымнасці ўлады ў Беларусі толькі ўзмацняе пагрозу незалежнасці краіны.
Мы заклікаем дэмакратычныя дзяржавы свету, у тым ліку тыя, што падпісвалі Будапешцкі мемарандум, а таксама Еўрапейскі Звяз асудзіць любыя спробы Расейскай Федэрацыі абмежаваць суверэнітэт Беларусі, выкарыстоўваючы адсутнасць у Беларусі дэмакратычна абранай улады, а таксама выступіць з ініцыятывай гарантый незалежнасці Беларусі на міжнародна-праўнай аснове.
Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Скарыны
Рыгор Кастусёў, старшыня Партыі БНФ
Станіслаў Шушкевіч, старшыня Вярхоўнага Савета 12-га склікання
Юрась Беленькі, намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ
Вінцук Вячорка, падпісант Віленскага Мемарандуму
Павел Севярынец, сустаршыня аргкамітэту Беларускай хрысціянскай дэмакратыі
Алена Талстая, сустаршыня Руху салідарнасці “Разам”
Мікола Казлоў, выканаўца абавязкаў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі
Анатоль Лябедзька, дырэктар цэнтру “Еўрапейскі дыялог”, дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га скліканняў
Ад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі – Івонка Сурвілла, старшыня Рады БНР
1 снежня 2019