Прадстаўнікі штаба Бабарыкі сустрэліся з кіраўнікамі дыпмісій
Каардынатар штаба прэтэндэнта ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава і адвакат Ілля Салей сустрэліся з кіраўнікамі дыпламатычных місій краін Еўразвязу, Вялікабрытаніі і ЗША. Аб гэтым паведамляецца ў афіцыйным телеграм-канале Бабарыкі.
«Шчыра дзякуем нашым еўрапейскім і амерыканскім калегам і сябрам за магчымасць падзяліцца нашым бачаннем сітуацыі, а таксама за ўвагу да Беларусі і падтрымку беларускага народа», – гаворыцца ў паведамленні. Падрабязнасці сустрэчы не раскрываюцца.
Былы кіраўнік «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка цяпер знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Ён, а таксама яго сын і кіраўнік яго ініцыятыўнай групы Эдуард былі затрыманыя 18 чэрвеня па падазрэнні ў здзяйсненні эканамічных злачынстваў. Вядома, што ім прад’яўленыя абвінавачванні, але адвакатам забаранілі паведамляць, па якіх артыкулах Крымінальнага кодэкса. Беларускія праваабаронцы і «Міжнародная амністыя» прызналі Бабарыку і яго затрыманых паплечнікаў палітычнымі вязнямі.
Беларускае Радыё Рацыя
