Прадстаўнікі штаба Віктара Бабарыкі падалі ў КДБ хадайніцтва пра змену яму меры стрымання
Міліцыя затрымала некалькіх актывістаў і журналістаў каля будынку КДБ у Менску, калі прадстаўнікі штабу Віктара Бабарыкі спрабавалі падаць у прыёмную гэтага ведамства хадайніцтвы пра змяненне меры ўтрымання Віктара Бабарыкі і вызваленні яго з пад варты.
Тым не менш, некалькі хадайніцтваў былі пададзены сябрамі штабу Віктара Бабарыкі з кіраўніцай штабу Марыяй Калеснікавай:
– Мы падавалі зараз хадайніцтва пра змену меры ўтрымання для Віктара Бабарыкі. У нас прынялі нашы дакументы, з намі былі вельмі тактоўныя. Я падавала ад імя сябе, мае калегі таксама падавалі ад свайго імя. Я думаю, што яшчэ шмат грамадзянаў таксама падавалі ад свайго ўласнага імя. Мы ведаем, што людзі ўжо цэлы дзень прыходзяць і падаюць, але мы не ведаем колькасці. Мы ўдзячныя ўсім, хто адгукнуўся на гэта і мы жадаем усе разам хутчэйшага з’яўлення ўсіх палітвязняў на свабодзе.
Марыя Калеснікава нагадала, што ініцыятыву накіраваць хадайніцтвы аб змяненні меры ўтрымання для Віктара Бабарыкі падтрымалі таксама пісьменніца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч, мастак і дызайнер Уладзімір Цеслер і ў бліжэйшы час накіруюць следству гэтыя хадайніцтвы.
Кіраўнік штабу Бабарыкі таксама асудзіла затрыманні журналістаў і звычайных грамадзянаў, якія прыйшлі падаць хадайніцтва ці проста выпадкова апынуліся побач з прыёмнай КДБ.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск