Візіт урадавай дэлегацыі ЗША у Беларусь



Магчымасці супрацы з Беларуссю ў пытаннях агульных інтарэсаў, а таксама разгляд сітуацыі з правамі чалавека і захаваннем дэмакратычных нормаў. З такімі афіцыйнымі мэтамі ўрадавая дэлегацыя ЗША наведвае Беларусь. Ужо адбыліся сустрэчы з намеснікам міністра замежных спраў Аляксандрам Гур’янавым і беларускай апазіцыяй.

На апошняй сустрэчы, якая працягвалася каля дзвюх гадзінаў, прысутнічаў і адзін з лідараў аргкамітэта партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец:

– Зацікаўленасць амерыканскага боку звязана з падзеямі ў рэгіёне, звязаная з Украінай. З нашага боку, зразумела, мы казалі пра тое, як уяўляем сітуацыю ў Беларусі і сітуацыю пасля ўкраінскіх падзей. Між іншым гэтая сустрэча была больш падобна на маніторынг. Я б сказаў такім чынам, што візіт Эштан у рамках перамоўнай групы, візіт амерыканскай дэлегацыі – гэта ўсё паказвае ўвагу Захаду да рэгіёна, да пазіцыі Беларусі, гэтая ўвага натуральная.

Міжведамасная ўрадавая дэлегацыя ЗША знаходзіцца ў Беларусі з 8 па 11 верасня. У яе склад уваходзяць: намеснік адміністратара Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці Пэйдж Александэр, намеснік памочніка дзяржсакратара ў пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Томас Мэлія, і намеснік памочніка міністра абароны ў пытаннях Расеі, Украіны ды Еўразіі Эвэлін Фаркакс. Запланаваныя яшчэ сустрэчы дэлегацыі ў міністэрствах абароны, адукацыі ды эканомікі.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя