Прадстаўніца Кабінету Аліна Коўшык пракаментавала прапанову Паўла Латушкі
Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Аліна Коўшык пракаментавала прапанаваны абмен Паўла Латушкі і чальцоў НАУ на Анджэя Пачобута.
Нагадаем, такую прапанову агучыў Аляксандр Лукашэнка на гэтым тыдні падчас сваёй прамовы. На гэта Павел Латушка адказаў: „А свайго імя і ад імя мужчынскай часткі каманды НАУ, мы згодныя на абмен, але ў нас свая прапанова. Мы гатовы правесці абмен Паўла Латушкі і мужчынскай часткі каманды НАУ на ўсіх палітзняволеных Беларусі”.
Свой погляд на сітуацыю агучыла Аліна Коўшык:
– Я выражаю захапленне маім калегам па Кабінеце, спадаром Паўлам Латушкам, за ягоную смелую прапанову. Мы робім на дадзены момант усё магчымае, каб вызваліць тых палітычных вязняў, якія незаконна ўтрымліваюцца за кратамі. Гэта сапраўды годны ўчынак спадара Паўла, які паабяцаў, што ён можа заняць месца палітвязняў, але толькі калі вызваляць усіх. Мы да канца нашага змагання будзем дамагацца вызвалення ўсіх палітвязняў. Я перакананая, што ніхто не павінен займаць іх месца, але сам учынак вельмі моцны. Мы чакаем усіх палітвязняў на волі, як мага хутчэй.
Таксама на гэтым тыдні Аліна Коўшык паўдзельнічала ў дыскусіі „Беларуская незалежнасць 105 гадоў таму і сёння”.
Беларускае Радыё Рацыя