Прадстаўніца Партыі БХД правяла сустрэчы ў Бруселі
Вольга Кавалькова ад імя Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі сустрэлася з еўрадэпутатамі ды еўрапейскімі палітыкамі ў Бруселі. У час сустрэчаў былі ўзнятыя пытанні правоў чалавека ў Беларусі, палітычных вязняў, правоў і ролі жанчын, палітычнай ды эканамічнай сітуацыі ў краіне, а таксама ўплыву ўкраінскіх падзей на грамадства.
Вольга Кавалькова выступіла перад еўрапейскімі палітыкамі з адмысловым дакладам пра сітуацыю ў Беларусі:
– Адзін з маіх тэзісаў, маёй пазіцыі, якая даносіцца да прадстаўнікоў Еўропы – гэта тое, што той маўклівы дыялог, які сёння адбываецца паміж Еўразвязам і Беларуссю, ён не можа быць аднабаковым, у ім павінна ўдзельнічаць грамадска-палітычная супольнасць. На жаль за 20 год улады Лукашэнкі ніяк не палепшыліся ўмовы развіцця дэмакратыі ў Беларусі, і дыялог можа быць толькі калі будуць выконвацца патрабаванні Еўразвяза.
Вольга Кавалькова правяла сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам Еўрапарламента Аляксандрам Графам Ламбсдорфам, еўракамісарам па міжнароднай супрацы і развіцці Невенам Міміцам, старшынёй праваабарончага падкамітэта Еўрапарламента Аленай Валенсіяна, а таксама дырэктарам па правах чалавека і дэмакратыі ды іншымі асобамі.
Беларускае Радыё Рацыя