Прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі пра адкліканне паслоў
Вымушанае адкліканне для кансультацый паслоў Літвы і Польшчы з-за патрабаванняў беларускага Міністэрства замежных спраў не парушыць адзінства Еўразвяза, гаворыцца ў заяве прадстаўніцтва ЕЗ.
„Еўрапейскі саюз грунтуецца на салідарнасці. Ва ўсім свеце EЗ гучыць як адзін голас. Патрабаванне ўладаў Беларусі, каб Польшча і Літва значна скарацілі сваю дыпламатычную прысутнасць у Менску, выклікае шкадаванне і з’яўляецца контрпрадуктыўным”, — адзначаюць у прадстаўніцтве ЕЗ.
„Літва і Польшча былі вымушаныя адклікаць сваіх паслоў для кансультацый. Такія спробы зрабіць мішэнню асобныя краіны саюза не здолеюць парушыць наша адзінства. Усе краіны ЕЗ заклікаюць беларускія ўлады спыніць гвалт і рэпрэсіі, вызваліць усіх затрыманых мірных дэманстрантаў і палітычных зняволеных, паважаць свабоду СМІ і грамадзянскую супольнасць і пачаць усеагульны нацыянальны дыялог з мэтай забеспячэння суверэннай, незалежнай, дэмакратычнай і квітнеючай будучыні Беларусі”, — падкрэсліваецца ў заяве.
Пасля рашэння Еўразвяза ўвесці санкцыі ў дачыненні да 40 беларускіх службовых асоб афіцыйны Менск адклікаў сваіх паслоў у Вільні і Варшаве „для кансультацый” і прапанаваў Літве і Польшчы зрабіць аналагічны крок, а таксама скараціць колькасць дыпламатаў у сваіх пасольствах — адпаведна з 25 да 14 і з 50 да 18, каб „прывесці да парытэту” штат дыппрадстаўніцтваў з беларускімі замежнымі ўстановамі ў гэтых краінах.
Літва і Польшча заявілі, што не плануюць адклікаць паслоў і скарачаць дыпламатычную прысутнасць. У адказ на гэта прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз папярэдзіў, што прапанова адклікаць паслоў і скараціць штат дыппрадстаўніцтваў абавязковая да выканання.
5 кастрычніка кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус паведаміў аб адкліканні свайго пасла ў Беларусі для кансультацый. Услед за ім такую заяву зрабіў кіраўнік МЗС Польшчы Збігнеў Рау.
Польскі міністр замежных спраў таксама паведаміў, што Еўразвяз адклікае з Менска для кансультацый частку паслоў. Ён выказаў падзяку партнёрам па ЕЗ за салідарнасць з Польшчай і Літвой. Рау падкрэсліў, што ўсе спробы абвінавачванняў якой-небудзь краіны ЕЗ атрымаюць дакладны і салідарны адказ.
Паслы якіх краін ЕЗ акрамя Літвы і Польшчы пакінуць Менск, пакуль невядома.