Прафсаюз РЭП працягне рыхтаваць назіральнікаў на выбары



Прафсаюз працоўных Радыёэлектроннай прамысловасці працягне рыхтаваць назіральнікаў на прэзідэнцкія выбары, нягледзячы на  абмежаванні па колькасці назіральнікаў – да 5 чалавек. Іх увёў Цэнтрвыбаркам, спаслаўшыся на пандэмію каронавірусу.

Па словах прадстаўніка прафсаюзу РЭП па Менску і Менскай вобласці Ігара Комліка, прафсаюз раней вырашыў накіраваць назіральнікаў і будзе гэтага прытрымлівацца. А рашэнне Цэнтрвыбаркаму выклікае толькі сарказм і скептыцызм.

– Мы назіраем шэраг паседжанняў, якія праводзіць афіцыйная ўлада, дзе людзі прысутнічаюць у вялікай колькасці і без сродкаў абароны. То бок, казаць, што наяўнасць назіральнікаў на выбарчых участках нейкім чынам паўплывае на развіццё каронаврусу, якога нашы ўлады не заўважаюць, то гэта смешна. Гэта паслядоўны крок гэтай улады для таго, каб як і раней выбары не былі пракантраляваныя, каб іх вынікі былі такія, якія хоча атрымаць улада.

І для гэтага яна і робіць такія крокі, – лічыць Ігар Комлік. Усяго, як дадаў Ігар Комлік, на выбары прафсаюз РЭП плануе выставіць каля 500 назіральнікаў. 

Беларускае Радыё Рацыя