“Вольная Беларусь” будзе стымуляваць палітычную актыўнасць



У Варшаве прэзентавалі Народную Праграму “Вольную Беларусь”. У дакуменце, які налічвае 76 старонак, падрабязна апісваецца план дзеянняў пасля заканчэння аўтарытарнай дыктатуры. У прэзентацыі прынялі ўдзел кіраўнік праекта Зянон Пазьняк, а таксама некаторыя суаўтары дакумента: палітолаг Павел Усаў і дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі ХІІ склікання Юры Беленькі, Лявон Баршчэўскі ды Сяргей Папкоў.

Праграма мае стаць арыенцірам, на які будуць абапірацца ў сваім змаганні патрыёты, тлумачыць кіраўнік праекта, старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ Зянон Пазьняк:

– Беларусы, якія дбаюць пра сваю Бацькаўшчыну, якім баліць сэрца і душа, будуць мець пэўную праграму, пэўныя ідэі, на якія трэба кіравацца. Вось гэтая праграма дае накірунак, што нам рабіць, каб захаваць нашу дзяржаву, каб зрабіць яе лепшай, каб пазбавіцца дыктатуры. Яна дае адказы.

Гэта павінна стымуляваць людскую актыўнасць, палітычную актыўнасць і нават палітычны рост тых людзей, якія здольны паслужыць Вольнай Беларусі.

Праграма прадугледжвае пераходны перыяд пасля абвалу аўтарытарнай дыктатуры. На паўгода будзе створаны надзвычайны Нацыянальны Камітэт, які будзе кіраваць дырэктывамі і забяспечыць правядзенне свабодных парламенцкіх выбараў. Гэта адзінае легальнае выйсце ў крызіснай сітуацыі, гаворыць суаўтар дакумента доктар паліталогіі Павел Усаў:

– Улічваючы тыя ўмовы, у якіх апынулася Беларусь, і той магчымы працэс трансфармацыі, у якой краіна можа апынуцца пасля змены ўлады, гэта можа разглядацца як фундамент для першых крокаў новай улады пасля змены палітычнай сістэмы ў Беларусі і пабудовы асноўных інстытутаў як палітычных, гэтак і эканамічных, якія могуць забяспечыць стабільнасць палітычнага і эканамічнага развіцця, як і выхад з крызісу, у якім Беларусь можа апынуцца пасля падзення існуючай улады.

Праграма прадбачае новы падзел уладаў. Беларусь становіцца парламенцкай рэспублікай, а сам Парламент – Сойм абіраецца па змешанай сістэме: палова дэпутатаў ад мажарытарных акругаў і палова па партыйных спісах. Функцыі прэзідэнта будуць мінімізаваныя, а любая спроба намінальнай галавы дзяржавы пашырыць свае паўнамоцтвы аўтаматычна прывядзе да імпечменту:

– Гэта менавіта той негатыўны досвед, у якім Беларусь апынулася. На жаль, палітычная культура Беларусі падвержана такой аўтарызацыі, і безумоўна, засяроджванне ўлады ў руках адной асобы можа прывесці да зварочвання дэмакратычных працэсаў. Усялякая ўлада разбэшчвае, а абсалютная ўлада разбэшчвае абсалютна. Таму трэба як мага больш уводзіць абмежаванняў і стварыць функцыянальную сістэму механізмаў супрацьвагі.

Вялікая частка праграмы прысвечана эканоміцы і гаспадаранню. Ворная зямля будзе аддадзена ў прыватныя рукі – права на прыватызацыю будуць мець усе грамадзяне Беларусі. Сярод іншага, аўтары робяць стаўку на эканамічнае разняволенне грамадзянаў, што дазволіць стварыць да 500 000 суб’ектаў гаспадарання цягам двух-трох гадоў, адзначае суаўтар праграмы, дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі ХІІ склікання Юры Беленькі:

– Створаны суб’ект яшчэ не азначае, што ён адразу будзе эфектыўны. Адна справа стварыць – усе ўмовы будуць, іншая справа, што эфект не можа быць дасягнуты імгненна. Такіх цудаў не бывае. Недзе гадоў 5 – гэта мусіць быць той перыяд, які ўжо істотна і незваротна зробіць пераўтварэнні ў нашай эканоміцы.

Апроч пытанняў канстытуцыйнага ладу і эканамічных рэформаў, Народная Праграма “Вольная Беларусь” закранае ўсе іншыя аспекты дзяржаўнага жыцця, у тым ліку культуру, адукацыю, войска, сістэму аховы здароўя. Асобным пунктам выдзелены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел. Замест існых 6 абласцей будзе створана 16 ваяводстваў, Менск атрымае статус асаблівага горада. Прадугледжваецца падзел на больш дробныя адзінкі – паветы і староствы. Што істотна, уся мясцовая ўлада мае абірацца самімі грамадзянамі, што забяспечыць дэцэнтралізацыю.

Акрамя карэнных рэформаў унутраннага ўладкавання, Народная Праграма “Вольная Беларусь” закранае таксама пытанні знешняй палітыкі.  Аўтары прапануюць мінімізаваць залежнасць ад Расеі і навязаць добрыя стасункі з развітымі краінамі Захаду. Тым ні менш, у дакуменце прапануецца не далучацца да Еўразвяза, так як будучыня гэтага ўтварэння няпэўная. Паводле распрацоўнікаў праекта, Беларусь перадусім мае стаць на ногі, а слабая краіна не павінна ўступаць у любыя шчыльныя саюзы. Адначасова ў дакуменце зазначаецца, што Беларусі на пераходны час наканавана праводзіць палітыку балансавання і стратэгічны ўдзел у будаванні новай Усходняй Еўропы – цесныя дачыненні з Украінай і краінамі Балтыі (канцэпцыя Балта-Чарнаморскай супольнасці). 

Праграма “Вольная Беларусь” была напісана калектывам з 9 аўтараў, якія з’яўляюцца прафесіяналамі ў сваіх галінах. Праект застаецца адкрытым, гатовым, гаворыць адзін з распрацоўнікаў дакумента Павел Усаў:

– Прэзентацыя гэтай праграмы адбылася дзеля таго, каб грамадства магло азнаёміцца і выказаць сваю крытыку, свае прапановы. Будучыня Беларусі залежыць не ад адной групы, але ад усяго беларускага грамадства. І калі беларусы, грамадскія арганізацыі ўключацца ў далейшы працэс распрацоўкі ці дадатковых рэкамендацый, гэта будзе толькі плюс.

Больш падрабязна азнаёміцца з дакументам можна тут.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота аўтара