Ці атрымалася ў Гарадку «народнае галасаванне»? (абноўлена)
Райцэнтр Гарадок на поўначы Віцебшчыны стаў першым населеным пунктам, дзе адбыліся сустрэчы з беларускімі палітыкамі – прэтэндэнтамі на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах у якасці адзінага кандыдата ад апазіцыі. Такім чынам, пачалося народнае галасаванне: кожны ахвотны можа наведаць сустрэчы ў вызначаных гарадах і мястэчках і прагаласаваць за вылучэнне «на адзінага» упадабанага кандыдата.
Ці сапраўды гэта і ёсць «народнае галасаванне» або «праймерыз»? Актывіст сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Леанід Гаравы, які арганізоўваў сустрэчу ў Гарадку, лічыць, што адбываецца падмена тэрмінаў:
-«Праймерыз» – гэта ўнутрыпартыйнае галасаванне, якое ладзіцца ў цывілізаваных краінах. Народнае галасаванне – гэта рэферэндум, які праводзіцца на агульным або мясцовым, рэгіянальным узроўні. І назваць сустрэчу актывістаў нашага райцэнтра «народным галасаваннем» не выпадае.
Больш падрабязна сваё меркаванне Леанід Гаравы выклаў у артыкуле «Новая Беларусь. Крочыць беларускім шляхам да праўды і пазбягаць падману». Паводле актывіста, шырокага спавяшчэння пра магчымасць абіраць адзінага кандыдата ад апазіцыі ў Гарадку не было. Інфармацыя пра сустрэчу, якая прайшла ў школе мастацтваў 6-га сакавіка, размяшчалі ў сацыяльных сетках альбо вусна перадавалі знаёмым. І сустрэча сустрэча атрымалася нешматлюднай: на яе прыйшлі не больш за паўтара дзясятка чалавек, і з іх толькі 8 узялі ўдзел у працэдуры галасавання. У выніку перамог Юрась Губарэвіч, кіраўнік руху «За Свабоду»: за яго прагаласавалі 4 чалавекі.
Наступныя сустрэчы апазіцыйных лідараў пройдуць 7-га сакавіка: у Віцебску (11.00, гатэль «Лучоса) і ў Наваполацку (16.00, гатэль «Нафтан»)
***
Пасля сустрэчы з прэтэндэнтамі на адзінага кандыдата ад апазіцыі 4 галасы атрымаў кіраўнік руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, 3 галасы – сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Павел Севярынец, 1 голас–намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Старшыня Партыі АГП Мікалай Казлоў і сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Вольга Кавалькова не знайшлі прыхільнікаў сярод жыхароў Гарадоччыны.
Да пачатку размовы з выбарцамі актывіст сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада», мясцовы жыхар Леанід Гаравы зладзіў для гасцей экскурсію па райцэнтры, усе разам наведалі Дом рамёстваў, краязнаўчы музей, прыгадалі, што на Гарадоччыне нарадзіўся Канстанцін Вераніцын – аўтар славутай паэмы «Тарас на Парнасе» – скульптурная выява літаратурнага героя таксама ўпрыгожвае Гарадок.
На сустрэчу, якая адбылася ў дзіцячай школе мастацтваў, людзей сабралася небагата, але і ў галасаванні ўзялі ўдзел далёка не ўсе з прысутных. Галасаванню папярэднічалі выступы палітыкаў і адказы на пытанні з залі. Прысутныя на сустрэчы супрацоўнікі Гарадоцкага райвыканкама не задалі ніводнага пытання, але й не паднялі рукі, калі Павел Севярынец запытаўся: «Хто ў залі верыць, што выбары ў Беларусі праходзяць чэсна і празрыста?»
На думку мясцовага прадстаўніка дэмакратычнай грамадскасці Леаніда Гаравога, сустрэчу з палітыкамі і галасаванне «за адзінага» нельга лічыць «народным галасаваннем» у прамым значэнні гэтага выраза. У тым ліку і таму, што на размову з прэтэндэнтамі на ўдзел у выбарах прыйшлі збольшага не шараговыя жыхары, а тыя, хто мае пэўны досвед партыйнай або грамадскай дзейнасці.
***
У Гарадок, што на Віцебшчыне, прыехалі ўсе пяцёра патэнцыйных кандыдатаў, у залі прысутнічае каля дзясятка журналістаў. Мясцовых людзей было няшмат, але былі і тыя, хто адмыслова прыехаў у Гарадок з раёна. Прыйшлі на сустрэчу і супрацоўнікі райвыканкама.
Кандыдаты казалі пра неабходнасць празрыстых выбараў, пра тое, што спадзяюцца на вылучэнне адзінага кандыдата, якога падтрымлівае просты народ. Усе сканчалі свой выступ заклікам „Жыве Беларусь!”
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя