Праймерыз у інтэрнэце ідзе вельмі павольна
На першае месца ў інтэрнэт-праймерыз, які праводзіць дэмакратычная кааліцыя, каб вызначыць адзінага кандыдата на будучыя прэзідэнцкія выбары, выйшаў кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў.
На другім месцы – Юрась Губарэвіч, за ім ідзе Вольга Кавалькова, – кажа адзін з кіраўнікоў штаба па правядзенні праймерыз, намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксей Сігаеў:
– Калі браць па адсотках, то гэта 35%, 34% і 31%. Зноўку амаль пароўну размяркоўваюцца галасы. Праймерыз працягваецца, будзе да 1 траўня дакладна. Далей мы сочым за сітуацыяй з каронавірусам. Можа быць будуць прынятыя нейкія арганізацыйныя рашэнні, што рабіць далей.
Разам з тым Аляксей Сігаеў адзначыў, што колькасць тых, хто прагаласаваў у інтэрнэце, расце вельмі павольна.
Толькі каля 1400 чалавек прагаласавала за ўвесь час правядзення праймерыз. Таму арганізатары бліжэйшым часам маюць намер прыняць дадатковыя захады, каб падвысіць зацікаўленасць людзей да галасавання. Аляксей Сігаеў нагадаў, што прагаласаваць можна на сайце www.prezident21by.org.
Беларускае Радыё Рацыя