Прайшло пасяджэнне Стратэгічнай кансультацыйнай групы Беларусь-Германія



11–14 лютага адбыўся рабочы візіт намесніка міністра замежных спраў Беларусі Алега Краўчанкі ў Федэратыўную Рэспубліку Германія. Як паведамляе прэс-служба беларускага МЗС, асноўным мерапрыемствам візіту стаў удзел ва ўстаноўчым пасяджэнні Стратэгічнай кансультацыйнай групы Беларусь – Германія (СКГ).

Гэта новы фармат двухбаковага беларуска-германскага дыялогу для выпрацоўкі ў 2020 годзе перспектыўнага бачання далейшага развіцця адносін дзвюх краін і вызначэння канкрэтных крокаў у прыярытэтных галінах (дарожнай карты), адзначае знешнепалітычнае ведамства.

Падчас пасяджэння «бакі ўзгаднілі мадальнасці працы СКГ, прадметна абмеркавалі агульны стан двухбаковага супрацоўніцтва, а таксама ўзаемадзеянне па шэрагу прыярытэтных тэматычных кірункаў», гаворыцца ў паведамленні.

Стратэгічная кансультацыйная група Беларусь – Германія створаная ў адпаведнасці з дамоўленасцямі паміж міністрамі замежных спраў Беларусі і Германіі Уладзімірам Макеем і Хайкам Маасам, дасягнутымі ў Берліне ў кастрычніку 2019 года. У склад групы ўваходзяць прадстаўнікі ўрадавых, парламенцкіх, эканамічных, навуковых і грамадскіх колаў дзвюх краін. Сустаршынямі з’яўляюцца намеснік кіраўніка МЗС Беларусі Алег Краўчанка і ўпаўнаважаны Федэральнага міністэрства замежных спраў Германіі па Усходняй Еўропе, Каўказе і Цэнтральнай Азіі Міхаэль Зіберт.

13 лютага, падчас візіту ў Берлін, Краўчанка таксама ўзяў удзел у чарговым раўндзе трохбаковых кансультацый МЗС Беларусі, Германіі і Францыі. Падчас кансультацый «разгледжаныя перспектывы развіцця трохбаковага дыялогу і супрацоўніцтва, праблематыка ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам, актуальныя пытанні міжнароднага і рэгіянальнага парадку дня», паведамляе прэс-служба МЗС.

У межах візіту ў Берлін намеснік кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства таксама правёў сустрэчы ў ведамствах федэральнага прэзідэнта, федэральнага канцлера ФРГ і Бундэстага ФРГ, падчас якіх быў абмеркаваны шырокі спектр пытанняў беларуска-германскага і беларуска-еўрапейскага ўзаемадзеяння.

У Германскім таварыстве знешняй палітыкі адбыўся зацікаўлены абмен думкамі аб рэгіянальнай сітуацыі з кіраўніцтвам і экспертамі Цэнтра вывучэння Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, Расеі і Сярэдняй Азіі імя Роберта Боша.

БелаПАН