Пракуратура Польшчы вырашыла аб’явіць у вышук шэраг лукашэнкаўскіх сілавікоў
Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі са спасылкай на Нацыянальнае антыкрызіснае ўпраўленне заявіў, што польскія пракуроры абвясцілі ў вышук „шэраг беларускіх сілавікоў”. Размова пра тых, каго падазраюць у гвалце на тэрыторыі Беларусі. Каго менавіта гэта закране і што ім пагражае, выданне „Люстэрка” даведалася ў прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета па транзіце ўлады Паўла Латушкі.
У Народным антыкрызісным упраўленні тлумачаць: людзі, якія пацярпелі ў Беларусі ад дзеянняў сілавікоў, звярнуліся ў пракуратуры Чэхіі, Германіі, Украіны, Літвы і іншых краін. У шэрагу выпадкаў ім у гэтым дапамагала НАУ, якое мае дамовы з трыма адвакацкімі бюро Польшчы і ўзаемадзейнічае з адвакатамі ў Літве. Заявы ад пацярпелых і сталі прычынай таго, што польскія пракуроры вырашылі аб’явіць у вышук „шэраг беларускіх сілавікоў”.
„Усе справы, звязаныя з крымінальным пераследам сілавікоў, маюць канфідэнцыйны характар”, – распавядае Павел Латушка. „Вінаватыя ў здзяйсненні злачынстваў будуць баяцца выехаць на адпачынак за межы Беларусі. Нават у Расеі яны тэарэтычна могуць быць затрыманыя, – адзначыў палітык.
Аб тым, якія артыкулы і тэрміны пагражаюць тым, хто патрапіць у вышук, у НАУ казаць не бяруцца. Такія рашэнні, зазначаюць, будуць прымаць „не палітыкі, а незалежныя суды”.
Беларускае Радыё Рацыя