Пракурор запатрабаваў 3 месяцы арышту для Мікалая Казлова



У судзе Ленінскага раёну Менску працягваецца закрыты суд над лідарам Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП), сябрам Каардынацыйнай рады Мікалаем Казловым

Палітыка абвінавачваюць у выдаванні звестак дазнання. Працэс зрабілі закрытым, а ўсе хадайніцтвы абвінавачанага адхілілі, у тым ліку пра адвод суддзі Таццяны Шоцік.

Як паведаміла прэсавая служба АГП, агалошанне прысуду прызначанае на 10-ю раніцы 6 жніўня. Пракурор папрасіў максімальны тэрмін паводле арт. 407 Крымінальнага кодэксу — тры месяцы арышту.

Крымінальную справу супраць Мікалая Казлова завялі сёлета ў сакавіку. Раней ён некалькі разоў адмаўляўся даваць падпіску аб невыдаванні пасля допытаў у Следчым камітэце ў крымінальнай справе супраць Каардынацыйнай рады.

Беларускае Радыё Рацыя