Пракуроры запатрабавалі для Саўчанкі 23 гады калоніі
У час судовых спрэчак расейскае дзяржаўнае абвінавачанне запатрабавала асудзіць захопленую на тэрыторыі Украіны Надзею Саўчанку на 23 гады пазбаўлення волі.
Надзея Саўчанка ў судзе, 2 сакавіка 2016 года
«Бок абвінавачвання прыходзіць да высновы поўнай даказанасці віны Саўчанкі ў забойстве грамадзянаў Расеі Карнелюка і Валошына», — заявіў у судзе пракурор Павел Філіпчук.
Выступаючы ў сераду ў судзе расейскага горада Данецк, пракуроры Павел Філіпчук, Дзмітрый Юношаў і Уладзіслаў Кузняцоў заявілі, што віна Саўчанкі, з іх гледзішча была цалкам даказаная у працэсе судовагаразбіральніцтва, якое доўжылася 5 месяцаў, а доказы абароны — абвергнутыя.
Старэйшы лейтэнант ВПС Украіны Надзея Саўчанка была захоплена ў палон сепаратыстамі ў баі на поўнач ад Луганска 17 чэрвеня 2014 года. Праз шэсць дзён пасля гэтага яна апынулася ў Расеі, дзе Следчы камітэт прад’явіў ёй абвінавачванні ў датычнасці да гібелі двух супрацоўнікаў расейскага дзяржаўнага тэлебачання пад абстрэлам у тым жа раёне таго ж 17 чэрвеня.
Саўчанка, яе адвакаты і прыцягнутыя імі сьведкі-эксперты ў часе судовага разбіральніцтва даказвалі, што абвінавачванні супраць яе сфальсіфікаваныя, а справа мае палітычны характар.
Паводле фабулы абвінавачвання, Надзея Саўчанка прыехала ў Луганскую вобласць з мэтай забіваць мірнае насельніцтва, залезла 17 чэрвеня на вышку, убачыла групу мірных жыхароў, якая ідзе па дарозе каля пасёлка Металіст і навяла на іх агонь артылерыі. Пад гэтым агнём загінулі і супрацоўнікі расейскага тэлебачання Ігар Карнялюк і Антон Валошын, ў датычнасці да смерці якіх і абвінавачваюць Саўчанку.
Саўчанка і абарона даказвалі, што Саўчанка трапіла ў палон у баі з сепаратыстамі яшчэ да таго, як загінулі Валошын і Карнялюк, агонь артылерыі яна ўвогуле не карэктавала, а агонь артылерыя вяла толькі па ўзброеных сепаратыстах, прычым каля дзесяці з іх загінулі.
Па версіі расейскай пракуратуры, Саўчанку пасля некалькіх дзён у палоне папросту адпусцілі па распараджэнні тагачаснага камандзіра батальёна сепаратыстаў „Зара”, цяперашняга кіраўніка самаабвешчанай ЛНР Ігара Платніцкага. Пасля гэтага яна нейкім чынам невядома навошта перайшла мяжу і апынулася ў Варонежскай вобласці Расеі, дзе яе і арыштавалі. Сама Саўчанка раней падрабязна распавяла ў судзе, як яе, перадаючы з рук у рукі і з машыны ў машыну, вывезлі ў Расею.