Прарасейскія арганізацыі Беларусі патрабуюць ліквідаваць Партыю БНФ
Шэсць прарасейскіх арганізацый Беларусі апублікавалі 12 студзеня заяву з патрабаваннем ліквідацыі партыі БНФ.
Між іншым, падпісанты заклікаюць Генеральную пракуратуру даць прававую ацэнку заяве партыі “Беларуская мова — найважнейшы фактар нацыянальнай бяспекі для незалежнай беларускай дзяржавы” і агулам дзейнасці партыі, лічаць неабходным ініцыяваць працэс ліквідацыі партыі. Раней у нашым эфіры лідар партыі БНФ Рыгор Кастусёў адзначыў, што пасля прыняцця Соймам заявы ў справе беларускай мовы, водгук з Расеі быў вельмі хуткім:
– Рэакцыя расейскіх СМІ вельмі негатыўная. Дайшло да таго, што і палітыкі выказалі негатыўныя заявы, і сродкі масавай інфармацыі, нават Камітэт Дзярждумы ў выходны дзень адразу выказаў сваё меркаванне, што менавіта абарона беларускай мовы – гэта чарговыя русафобскія закіды БНФ. Ад гэтага церпяць рускамоўныя грамадзяне Беларусі. І гэтых грамадзян трэба зноўку бараніць.
Odtwarzacz plików dźwiękowych
На сайце Беларускага Народнага Фронту з’явіўся адказ на зварот прарасейскіх арганізацый пад загалоўкам “Атака зомбі”. Партыя БНФ звяртае ўвагу, што “некаторыя прадстаўнікі арганізацый-падпісантаў гэтага даносу ў мінулым годзе былі самі асуджаныя да пакарання за распальванне міжнацыянальнай варожасці”. “Мы, Партыя БНФ, успрымаем гэты данос як самавыкрыццё добраахвотных памагатых ворага ў інфармацыйнай вайне, якая вядзецца цяпер супраць Беларусі”, – між іншым адзначаецца ў адказе.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота narodny.org
